Газэта «Беларус» з’яўляецца адным з найстарэйшых перыядычных выданьняў беларускай эміграцыі, яна выдаецца Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем з 20 верасьня 1950 году. Газэту заклалі нашыя папярэднікі — актыўныя прадстаўнікі паваеннай хвалі эміграцыі.

«БЕЛАРУС» — гэта ў першую чаргу звесткі пра жыцьцё дыяспары. У нас вы знойдзеце самую разнастайную інфармацыю пра гісторыю і дзейнасць беларусаў у Амэрыцы і часткова ў Канадзе, пра іх грамадзкую і палітычную працу, акцыі і мерапрыемствы, пра звычайнае жыцьцё па-за межамі гістарычнай Радзімы, якое вельмі часта не бывае лёгкім.

Рэдакцыя таксама прапануе вам і найбольш важныя навіны з Беларусі, з жыцьця беларускіх асяродкаў у іншых краінах сьвету, аналітыку, матэрыялы па гісторыі нашай краіны і пра яе выбітных асобаў.

Газэта выходзіць у электронным варыянце на гэтым сайце і таксама ў пісьмовым варыянце ў выглядзе зборнікаў «Гадавік газэты «Беларус», што перыядычна выходзяць у сьвет.

Газэта «Беларус» цалкам грунтуецца на ідэях нацыянальнага адраджэння і дзяржаўнай незалежнасці нашай Бацькаўшчыны. Будзем на выгнаньні трымаць беларускую прысутнасьць у сьвеце і рабіць усё магчымае, каб наша Беларусь стала сапраўды вольнай, заняла сваё належнае месца сярод свабодных і паспяховых народаў свету.

Жыве Беларусь!

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч