1 ліпеня 2026 году а 6:50 раніцы паводле мясцовага часу Лілія Яноўская дасягнула вяршыні Нанга-Парбат (8 126 м) — дзявятай паводле вышыні гары сьвету, вядомай таксама як «Гара-забойца». Для яе гэта ўжо 11-ты васьмітысячнік.
У склад яе групы, што пасьпяхова дасягнула вяршыні, увайшлі:
- Лілія Яноўская (Канада, Беларусь)
- Ірына Караган (Украіна),
- Павал Сыдранка (Украіна),
- Даніла Ясьнюк (Украіна),
- Дава Онгджу Шэрпа (Непал),
- Дава Нупу Шэрпа (Непал),
- Мухамад Алі і Ільяс (абодва – Пакістан).
Лілія, якой цяпер 66 гадоў, стала найстарэйшай жанчынай у гісторыі, што ўзышла на Нанга-Парбат.

Пасьля ўзыходжаньня яна каля 12:30 дня паводле мясцовага часу спусьцілася ў Лягер № 3, дзе цяпер адпачывае перад далейшым спускам.
Нанга-Парбат, разьмешчаны на заходнім краі Гімалаяў у Пакістане, атрымаў сваю змрочную мянушку «Гара-забойца» з-за вялікай колькасьці альпіністаў, якія загінулі на яго схілах да першага пасьпяховага ўзыходжаньня ў 1953 годзе. І сёньня ён застаецца адным з самых небясьпечных і патрабавальных васьмітысячнікаў сьвету.
Пасьля ўзыходжаньня на Нанга-Парбат Лілія мае ў сваім актыве ўжо 11 з 14 васьмітысячнікаў сьвету. Раней яна пасьпяхова ўзышла на
- Чо-Ою (2019),
- Манаслу (2021),
- Эвэрэст (2022),
- К2 (2022),
- Гашэрбрум II (2022),
- Лхоцэ (2023),
- Дхаўлагіры (2023),
- Макалу (2024),
- Анапурну I (2025),
- Канчэнджангу (2026).
Наперадзе застаюцца яшчэ тры вяршыні:
- Гашэрбрум I,
- Броўд-Пік,
- Шышапангма.
Лілія, якой хутка споўніцца 67 гадоў, пачала займацца альпінізмам толькі ў пяцідзесяцігадовым узросьце. Пасьля ўзыходжаньня на Нанга-Парбат яна стала ўладальніцай рэкордаў як найстарэйшая жанчына, якая скарыла ўжо пяць васьмітысячнікаў:
- К2 (2022),
- Дхаўлагіры (2023),
- Анапурну I (2025),
- Канчэнджангу (2026),
- Нанга-Парбат (2026).
Акрамя таго, ёй належаць рэкорды Guinness World Records як найстарэйшай жанчыне, што ўзышла на К2, а таксама як найстарэйшай жанчыне, якая ў адзін год скарыла і Эвэрэст і К2.
ВІНШУЕМ ГРАМАДЗЯНКУ БЕЛАРУСІ І КАНАДЫ ЛІЛІЮ ЯНОЎСКУЮ З ВЫДАТНЫМ СПАРТОВЫМ ДАСЯГНЕНЬНЕМ!
Алесь Кот
Таронта
