Шаноўныя сябры!
Вітаем вас на новым сайце газэты «Беларус».
Па шэрагу прычынаў ранейшы сайт працяглы час быў недаступны, і ўрэшце нам давялося яго зачыніць. Сёньня мы радыя паведаміць, што газэта ізноў вяртаецца ў віртуальную прастору пад адрасам: belarus-news.us
Інфармацыя, назапашаная ў рэдакцыйным партфэлі за час перапынку, не страчаная. Усе матэрыялы знойдуць сваё месца ў другім нумары «Гадавіка» газэты, які ахопіць падзеі ад жніўня 2023 году да пачатку кастрычніка 2025 году.
На старонках новага сайту вы ўжо цяпер можаце знайсьці паведамленьні пра жыцьцё Беларусаў у Злучаных Штатах і Канадзе, пачынаючы ад кастрычніка 2025 году.
Газэта «Беларус», якая 20 верасьня 2025 году адзначыла сваё 75-годзьдзе, была заснаваная як супольны друкаваны голас Беларусаў Паўночнай Амэрыкі. На працягу дзесяцігодзьдзяў яна адыгрывала важную ролю ў захаваньні нацыянальнай памяці, падтрымцы Беларускага грамадзкага жыцьця і ўмацаваньні сувязяў паміж нашымі асяродкамі па абодва бакі мяжы паміж Канадай і Злучанымі Штатамі.
Сёньня, калі інфармацыя распаўсюджваецца імгненна, асабліва важна мець уласную Беларускую крыніцу, якая распавядае пра нас саміх, пра нашыя справы, дасягненьні, клопаты і надзеі. Агульная Беларуская інфармацыйная прастора шмат увагі надае палітычным падзеям у Беларусі і Эўропе, але жыцьцё Беларусаў Паўночнай Амэрыкі часта застаецца па-за яе ўвагай. Таму існаваньне нашага ўласнага інфармацыйнага рэсурсу не губляе сваёй актуальнасьці.
Газэта «Беларус» бачыць сваю місію ў тым, каб быць месцам сустрэчы інфармацыі з усіх Беларускіх асяродкаў Канады і Злучаных Штатаў. Аснову зьместу складаюць рэдакцыйныя матэрыялы, паведамленьні з суполак, навіны з месцаў падзеяў, справаздачы пра культурныя, грамадзкія, царкоўныя і нацыянальныя імпрэзы. Менавіта дзякуючы ўдзелу нашых чытачоў і аўтараў фармуецца жывая хроніка Беларускага жыцьця на Паўночнаамэрыканскім кантынэнце.
Сайт дазваляе падаваць навіны значна хутчэй, чым гэта магчыма ў друкаваным выданьні. Разам з тым друкаваныя «Гадавікі» застаюцца надзейным спосабам захаваньня матэрыялаў для гісторыі, каб будучыя пакаленьні мелі магчымасьць убачыць і зразумець, чым жылі Беларусы Паўночнай Амэрыкі ў наш час.
Запрашаем да супрацоўніцтва ўсе Беларускія арганізацыі, парафіі, культурныя і грамадзкія асяродкі, а таксама кожнага, каму неабыякавы лёс Беларускага жыцьця ў Канадзе і Злучаных Штатах. Дасылайце навіны, фотаздымкі, абвесткі, справаздачы і ўспаміны. Газэта «Беларус» была і застаецца нашай супольнай справай.
Чытайце, пішыце, прапануйце, удзельнічайце. Толькі разам мы зможам захаваць поўны і праўдзівы летапіс Беларускага жыцьця ў Паўночнай Амэрыцы.
Рэдакцыя газэты «Беларус»
