1 лістапада 2026 г. ў Беларускім цэнтры ў Таронта адбыўся Устаноўчы сход па адраджэньню Згуртаваньня Беларусаў Канады на тых нацыянальных і ідэёвых асновах, якія былі закладзеныя пры яго заснаваньні ў 1948 годзе: вернасьці ідэалам 25 Сакавіка – незалежнасьці Беларусі, захаваньню Беларускае мовы, культуры, нацыянальных традыцыяў.

Неабходнасьць рэфармацыі насьпявала гадамі. Адыход існага ЗБК ад ягоных першапачатковых прынцыпаў, разрыў традыцыйнага супрацоўніцтва з БAПЦ, разыходжаньні ў пытаньнях адзначэньня Беларускіх Нацыянальных Сьвятаў, выкарыстаньне непрымальна мадыфікаваных Беларускіх Нацыянальных Сымбаляў у акцыях, што ня тычацца Беларускае тэматыкі (прайд-парад, інш.), пераканалі шэраг шматгадовых сябраў ЗБК у неабходнасьці новага пачатку.

Замест бясконцых спрэчак вырашана скіраваць назапашаны досьвед і энэргію на адраджэньне арганізацыі ў духу яе заснавальнікаў.

Устаноўчы сход пастанавіў вярнуцца да першапачатковае назвы Беларускае арганізацыі — Згуртаваньня Беларусаў у Канадзе, з наданьнем ёй імя Кастуся Акулы – асобы, якая ў 1948 г. сабрала Беларускіх эмігрантаў Паўднёвага Антарыё і адыграла вырашальную ролю ў закладаньні падмурка арганізаванага Беларускага жыцьця ў Канадзе.

  • Назоў Згуртаваньня Беларусаў у Канадзе імя К. Акулы па-ангельску – Akula Аssotiation of Belarusans in Canada.
  • Сход абраў Галоўную Ўправу на чале са Старшынём Віталем Кошалевым.
  • Сход разгледзеў праект Статуту, які мае стаць прадстаўленым Першаму Сойму ЗБК імя К. Акулы, і шэраг іншых арганізацыйных пытаньняў.
  • Пасьля сходу ў Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага адбылася нядзельная Боская літургія, падчас якое Першаярарх БAПЦ Архіяпіскап Сьвятаслаў блаславіў Згуртаваньне на добрую справу і плённую працу.

У другой палове дня група ўдзельнікаў Сходу наведала могілкі Pine Hills, дзе знайшлі вечны супакой Кастусь Акула і Мікола Ганько – першы і апошні кіраўнікі ЗБК з паваеннае эміграцыі.

Наша мэта — стваральная дзейнасьць аднадумцаў, аб’яднаных Беларускімі нацыянальнымі ідэаламі, узаемным даверам і адказнасьцю перад Бацькаўшчынай.

Адраджэньне традыцыі 1948 году адкрывае новую старонку Беларускага арганізаванага жыцьця ў Канадзе.

Алесь Кот,
Таронта

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч