23 траўня 2026 году а 4.10 раніцы па мясцоваму часу грамадзянка Беларусі і Канады Лілія Яноўская (нар. 6 жнівеня 1959 у Івянцы, Беларусь) ўзышла на свой 10-ы васьмітысячнік — Канчэнджанга (8,586м), што ў Гімалаях на мяжы Непалу і Індыі.

Гэта была ейная трэцяя спроба скарыць Канчэнджангу. У мінулым і пазамінулым годзе ўзыходжанне не ўдалося праз недахоп замацаваных вяровак і памылку ў маршруце, які быў пракладзены не па той лініі.

Канчэнджанга лічыцца адной з найбольш тэхнічна складаных васьмітысячнікаў. Асаблівасці рэльефу і надзвычай кароткія “вокны” добрага надвор’я робяць яе асабліва непрадказальнай, перыяд адносна спакойнага ветру доўжыцца менш за 12 гадзін, у той час як штурм вяршыні можа займаць больш за 24.

Сёньняшнее дасягненьне Ліліі – ўнікальная зьява ў гісторыі канадыйскага вышыннага альпінізму. На сёньня ніводзін альпініст Канады — ні сярод мужчын, ні сярод жанчын — не прадэманстраваў падобнага выніку ў такім узросьце.

Лілія Яноўская пачала займацца альпінізмам у 50 год і ўжо праз 10 год (2019г.) узышла на свой 1-ы васьмітысячнік – Чо Ою (8,188м).

Лілія Яноўская – першая канадыйская жанчына, і самая ўзроставая жанчына ў сьвеце, што ўзышла на самы складаны і рызыкоўны васьмітысячнік K2 (8,611м, 2022г.). Дастаткова сказаць, што з тых, хто спрабаваў адолець гэтую вяршыню, не вяртаўся кожны чацьвёрты. Здзейсьніўшы гэта ў 62 гады Лілія на 10 гадоў перакрыла зафіксаваны ў Guinness Book сусьветны ўзроставы рэкорд знакамітае альпіністкі Vanessa O’Brien (нар. 2 сьнежня 1964 у ЗША)- грамадзянкі ЗША і Вялікае Брытаніі, якая ўзышла на К2 у 2017г. у свае 52 гады.

Лілія Яноўская і ейная дачка Дар’я сталі трэцяй сям’ёй у сьвеце, што разам узышла на Эверэст (8,849м, 2022г.).

Лілія Яноўская ўжо сёньня — адна з самых выбітных асобаў у гісторыі ня толькі канадыйскага, але, без перабольшаньня, і ўсясьветнага вышыннага альпінізму ўзроставае катэгорыі.

Алесь Кот
Таронта

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч