Фестываль “Атлантык-Антык” – 2026

Адной з самых адметных падзеяў кожнай восені ў тым раёне Брукліна, дзе знаходзіцца Сабор Сьв. Кірылы Тураўскага і Беларускі цэнтр, зьяўляецца папулярны Фестываль “Атлантык-Антык”. Гэтае сьвята ўшаноўвае аднаго з самых вядомых і доўгіх прасьпектаў Брукліна і нават цэлага Нью-Ёрку – Атлантык Авэню, што цягнецца ажно праз два бора – Бруклін і Куінс.

Звычайна Фестываль праводзіцца ў апошнюю нядзелю верасьня. Так плянавалася і сёлета, на 27 верасьня. Але, яго давялося перанесьці на тыдзень пазьней, бо на той дзень якраз на Нью-Ёрк абрынуўся шторм з дажджамі і моцныміі ветрамі. А нам гэта як раз дало магчымасьць мець больш часу на падрыхтоўку да Фестывалю. Мы таксама ягоныя актыўныя ўдзельнікі і кожны год закупляем месца перад будынкам Сабору, каб прадаваць там нашы беларускія стравы. Напярэдадні сьвята на кухні Сабору звычайна кіпіць падрыхтоўчая праца. Сябры БАЗА і парафіяне Сабору, хто мае вольны час, абіраюць бульбу для дранікаў, лепяць галубцы, тушаць, пякуць, рыхтуюць патрэбнае начыньне і посуд, якія будуць патрэбныя для продажу.

Рана раніцаю ў нядзельку 4 кастрычніка трэба было ўжо падрыхтаваць месца для продажу, што рабілі нашыя мужчыны. Яны паставілі палатку, сталы, гарэлкі для падагрэву ежы, упрыгожылі наша месца бел-чырвона-белымі балёнамі і сьцягамі, вывесілі патрэбныя надпісы.

А жанчыны тым часам завіхаліся на кухні, бо хутка ўжо пачалі прыходзіць госьці, каб пачаставацца нашымі прысмакамі. Дранікі падавалі “з пылу, з жару”, адразу з пліты на продаж. Некаторыя прыходзяць за імі кожны год да нас, частуюцца на месцы, а многія і бяруць з сабою. Таксама попытам карысталіся галубцы, каўбаскі, варэнікі. Нашыя прыгожыя дзяўчаты годна прэзентавалі беларускую кухню, а хлопцы стаялі са сьцягамі і зазывалі гасьцей паспрабаваць беларускія прысмакі. Побач таксама сядзела Ксеня Капытка і прадавала духмяны мёд, які сабраў ейны бацька з вульляў на ўласнай сядзібе за горадам.

Гандаль ішоў даволі імкліва нават і пасьля таго, як пачаўся дожд у другой палове дня і ішоў да самага вечара. Вядома ж, як можа ў гэтыя восеньскія дні абыйсьціся без дажджу. Так і хочацца прапанаваць арганізатарам Фестывалю перанесьці яго на нейкі летні месяц, каб кожны год не мець праблемаў з надворьем.

Стомленыя клопатамі, але з вясёлым настроем увечары падсумоўвалі вынікі нашай агульнай працы. Яны былі даволі добрымі, хапіла, каб пакрыць выдаткі, частку перадаць Парафіі Сабору, але большая частка прыбытку пайшла на дапамогу нашым ваярам Палка імя Каліноўскага ва Украіне.

Таксама пры нашых сталах было выдзелена месца дзяўчатам-украінкам. Сп. Валянціна Бардакова разам з сяброўкаю прадавалі сувэніры і мастацкія выбары дзеля дапамогі Украіне.

А на будынку Сабору мінакі маглі бычыць тры сьцягі – бел-чырвона белы беларускі, украінскі і амэрыканскі. Гэта прыцягвала ўвагу многіх, некаторыя цікавіліся будынкам, аглядалі бюсты Касьцюшкі і Каліноўскага перад уваходам і нават заходзілі да нас, аглядалі царкву. Нацыянальная сымболіка прываблівала беларусаў і украінцаў, хто трапіў у гэты дзень на Фестываль.

“Атлантык-Антык “ для нас вельмі важная справа, якая дае нам нагоду рэклямаваць наш Беларускі цэнтр у Нью-Ёрку, папулярызаваць нашу культуру і здабываць новых сяброў і прыхільнікаў. Сабор стаіць на самой Атлантык Авэню і шматлікім мінакам, якія ідуць паўз, цяжка абмінуць увагаю наш адметны будынак, які заўсёды выглядае дагледжаным і яскрава прэзентуе нашу беларускую прысутнасьць у Нью-Ёрку.

Жыцьцё Сабору і ягоную прэзэнтабельнасьць забясьпечваюць сваёй адданай працаю беларусы Нью-Ёрку, якім не абыякавая наша беларуская справа і якія не шкадуюць на гэта свайго часу і сілаў. Падаем тут імёны ўсіх тых, хто шчыра працаваў у падрыхтоўцы Фестывалю, зрабіў свой уклад у наш пасьпяховы ўдзел ў сьвяце і прынёс добрыя вынікі дзеля нашых нацыянальных патрэбаў:

  • Аляксандр Хомчанка
  • Сяргей Кудзеліч
  • Ігар Вырвіч
  • Людміла Хомчанка
  • Алена Жывіца
  • Натальля Федарэнка з дачкою Іванкаю
  • Тацьцяна Траскоўская
  • Анастасія Васільева
  • Дарья Шаўчэнка
  • Вадзім Албут
  • Іван Лойка
  • Гэнік Лойка
  • Аксана Пятрашка
  • Зіна Пантазопоуло
  • Сяргей Барысюк
  • Сямья Сіцко – Канстанцін, Яўгенія, дзеці Сафія і Алесь
  • Павал і Алена Шурмей
  • А. Іван
  • Тацьцяна Кухар
  • Цыбулька Валеры
  • Караткевіч Уладзімір
  • Ксеня Барсукова
  • Анастасія Куфтырэва
  • Аляксандр Ярмоліч
  • Алена Крывіцкая
  • Сяргей Сьцяпаў

Усім ім вялікі дзякуй за дапамогу і падтрымку нашай беларускай справы.

Ганна Сурмач,
Нью-Ёрк

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч