Кіраўнiк Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) Архіяпіскап Сьвятаслаў (Логін) 22 чэрвеня 2026 году адслужыў у горадзе Пірятыне (Украіна) супольны малебен за найхутчэйшае вяртаньне дадому украінскіх абаронцаў, якія цяпер знаходзяцца ў варожым палоне цi лічацца зьніклымі бязь вестак.

Багаслужба, якая адбылася па запрашэньні мясцовага кіраўніцтва і валянтэраў падчас чарговай паездкі Ўладыкі на фронт і прыфрантавыя тэрыторыі, Першаярарх правёў разам з капэлянамі 12-й асобнай цяжкай мэханізаванай брыгады (12 АЦМБр). Гэтая супольная малітва Беларускага Аўтакефальнага Ярарха і Ўкраінскага вайсковага духавенства стала магутным выяўленьнем адзінства, якое ня здольныя разарваць ні межы, ні мінныя палі

Зьвярнуўшыся пасьля службы да прысутных сем’яў ваяроў, якія штодня жывуць у чаканьні і надзеі, Архіяпіскап Сьвятаслаў выказаў ім глыбокую пашану. Ён адзначыў, што вера і стойкасьць родных — гэта той трывалы каркас тылу, на якім трымаецца фронт, і запэўніў, што Царква моліцца за кожнага, хто знаходзіцца ў няволі, верачы ў іх вяртаньне да родных дамоў.

Сёньня, калі лінія фронту дзеліць сьвет на вольных людзей і рабоў дыктатуры, слова пастыра важыць ня менш за зброю. Асабліва калі гэтае слова належыць чалавеку, які не пабаяўся кінуць духоўны выклік усяму рэпрэсіўнаму апарату крамлёўскіх сатэлітаў.

Для Ўладыкі Сьвятаслава барацьба супраць савецкай і расейскай імпэрскай спадчыны — справа ўсяго жыцьця. Нарадзіўшыся ў Чарнігаве, напрыканцы 1980-х гадоў ён актыўна ўдзельнічаў у першых дэмакратычных і антысавецкіх рухах на Чарнігаўшчыне, падтрымліваючы Ўкраінскі Гэльсынскі Саюз і Народны Рух Украіны.

Яго разуменьне таго, што без вольнай Украіны ня можа быць вольнай Беларусі, загартавана дзесяцігодзьдзямі. Ад пачатку вайны БАПЦ пад кіраўніцтвам Архіяпіскапа Сьвятаслава ператварыла свае Парафіі ў дыяспары ў магутныя валянтэрскія асяродкі. Царква рэгулярна перадае дапамогу Ўзброеным Сілам Украіны і Палку імя Кастуся Каліноўскага. На перадавую з дабраславеньня Ўладыкі пастаўляюцца аўтамабілі, мэдычны транспарт, а сьвятары БАПЦ месяцамі нясуць службу на фронце плячо ў плячо з Украінскімі братамі.

Для Архіяпіскапа Сьвятаслава падтрымка Ўкраіны ёсьць прынцыповай і кананічнай пазыцыяй. Ён неаднаразова адзначаў, што Беларускае праваслаўе гістарычна выйшла з Кіеўскай мітраполіі, а Масква ў свой час цынічна і незаконна ліквідавала гэтую самабытнасьць.

Прыклад Украіны, якая здабыла свой Томас і зацьвердзіла сваю рэлiгiйную незалежнасьць, ёсьць арыенцірам для будучай новай Беларусі. Сёньня, пакуль афіцыйны Менск дае сваю тэрыторыю для расейскіх ракетаў, сапраўдная Беларуская Царква ў асобе свайго Першаярарха стаіць поруч з Украінцамі, молячыся за іх перамогу.

Гэта сьведчыць пра адно: дыктатары прыходзяць і адыходзяць, а духоўнае братэрства народаў, зьнітаванае супольнай малітвай і барацьбой, застаецца нязломным.

Паводле артыкулу Чарнігаўскага інфармацыйнага парталу
падрыхтаваў Алесь Кот

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч