(з нагоды выхаду ў сьвет кнігі ўспамінаў Івонкі Сурвілы “У восем гадоў я была на вайне”)

Назва кнігі не зусім дакладна адлюстроўвае яе зьмест. Гэта не толькі ўспаміны сп. Івонкі, але і канцэнтраваны аповяд пра выбітную асобу нашай гісторыі. Кнігу стварыла група таленавітых людзей, якiя працавалі над падрыхтоўкай выданьня.

Агульнае ўражаньне ад прачытанага: лёс не абдзяліў наш старажытны эўрапэйскі народ з драматычнай гісторыяй – мы таксама маем сваю каралеву. Мы маем права на такое прадстаўніцтва сярод эўрапейскай дзяржаўніцкай эліты і маем годную постаць дзеля гэтага ганаровага пасаду. Спадчыннасьць нашых княскіх і шляхецкіх родаў перарвала гістарычная прорва, што сталася вынікам страты на доўгі час нашай дзяржаўнай незалежнасьці.

Але, прыйшоў сакавік 1918 году і даў пачатак імкліваму працэсу аднаўленьня дзржаўнай незалежнасьці Беларусі. Абраная на Першым Усебеларускім Кангрэсе Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесьціла пра зьяўленьне на мапе сьвету новай эўрапейскай краіны на ейным гістарычным падмурку. Далейшыя перашкоды не змаглі перапыніць гэты працэс Адраджэньня і ў 1991 годзе ён дайшоў да свайго завяршэньня.

Увесь гэты час змаганьня за незалежную Беларусь ў эміграцыі існавала і дзейнічала Рада БНР, як сымбаль дзяржаўнай незалежнасьці і як палітычны прадстаўнік беларускага народу.

У жніўні 1997 году сп. Івонка была абраная старшынёю Рады БНР. І тое не было выпадковым фактам у ейнай біяграфіі. Гэта сталася вынікам яе адданага служэньня сваёй краіне, свайму народу на цяжкім шляху змаганьня за выжываньне на вайне і на чужыне. З успамінаў васьмігадовай дзяўчынкі перад намі паўстае вобраз не па гадах пасталелага дзіцяці, якое мусіла існаваць і расьці ва умовах, якія цяжка было б вынесьці нават даросламу чалавеку. Дарослыя побач – ейныя бацькі, былі прыкладам трываласьці для сваіх дзяцей. Менавіта яны ад раньняга дзяцінства навучылі іх шанаваць сваё паходжаньне, паважаць свае каранi, сваю родную зямлю. Вось гэтая спадчыннасьць і сталася грунтам, на якім будаваўся ўвесь далейшы жыцьцёвы шлях сп. Івонкі і яна ніколі не збочыла з яго.

Існаваньне Рады БНР у гэты вызначальны час мае для Беларусі надзвычай важнае значэньне. Гэта супрацьвага дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі і дзейны носьбіт ідэалаў незалежнасьці і дэмакратыі, што застаюцца галоўнымі марамі беларусаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы.

Сёньняшняя пасада сп. Івонкі – старшыня Рады БНР не ёсьць у поўным сэнсе адміністрацыйнаю, хаця і атрымала яе ў выніку дэмакратычных выбараў. Найперш, гэта ёсьць місiя, прызначэньне служыць прыкладам адданасьці свайму народу, сваёй Бацькаўшчыне, быць маральным узорам, захоўваць любоў да людзей, быць чалавекам шырокага кругагляду і адукаванасьці, з сучасным мысьленьнем і уменьнем аналізаваць перспектывы на будучыню, мець досьвед і разуменьне жыцьця сярод іншых народаў. Усе гэтыя якасьці мы выразна можам назираць у асобе сп. Івонкі. Мне ўласна бачыцца, што менавіта так сёньня выглядае місiйная роля манархаў у сучаснай Эўропе.

У кнізе мы можам прачытаць, што сп. Івонка ў 2013 годзе, як грамадзянка Канады, атрымала мэдаль да брыльянтавага юбілею брытанскай каралевы Элизабэт ІІ і вельмі ганарыцца гэтай узнагародаю. Сапраўды, вельмі сымбалічная ўзнагарода.

Я не маю на ўвазе прапанову называць сёньня сп.Івонку каралеваю. Але, хацела б падкрэсьліць , што мы маем сваю беларускую выбітную жанчыну, якую па яе місiйнай дзейнасьці можна прыраўнаць да гэтага ўзроўню. І можам ганарыцца гэтым.

Некалькі словаў пра саму кнігу. Гэта сапраўдная “пярліна” у “карону” сп. Івонкі. Вельмі адказная і вельмі прафэсiйная праца, цудоўна прадуманая структура, арыгінальная і сучасная. Глыбокі зьмест і якасныя ілюстрацыі. Падзякі заслугоўваюць тэксты Сяргея Падсасоннага. Асабліва ўдала пададзеныя напрыканцы тэксту словы шаноўнай сп. Івонкі, якія ўражваюць :

“Як старшыня Рады БНР шкадую, што нашыя князі не пабудавалі “кітайскага муру” паміж Расеяй і намі”.

Сп. Івонка як бы перадае эстафету нашым пакаленьням, каб мы зрабілі гэтую справу і аддзяліліся назаўсёды ад варожага суседа.

Ганна Сурмач

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч