Як і штогод Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне і Парафіяльная рада Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага зладзілі сёлета 11 студзеня 2026 каляднае сьвята для маленкіх беларусаў у Нью-Ёрку і ваколіцах. Традыцыйная Калядная ялінка прайшла ў грамадзкай залі Сабору.

На сьвята сабралася сёлета трохі меньш людзей, чым у мінулым годзе. Але, прайшло яно ў вельмі вясёлай, цёплай, сяброўскай атмасфэры і, як выглядала, падабалася і дзеткам і дарослым.

Царкоўны хор адчыніў імпрэзу традыцыйнымі Калядкамі, адметнасьцю стала і тое, што яны прасьпявалі на беларускай мове знакаміты украінскі “Шчэдрык”. Сяргей Кудзеліч і Натальля Федарэнка вельмі ўдала і творча арганізавалі праграму і вялі яе з вялікім натхненьнем. Аснову праграмы склала імправізаваная пьеса, тэкст якой адмыслова для гэтай падзеі напісала рэжысэрка Настасься Харевіч. На сцэне былі розныя цікавыя персанаажы ў адпаведных касьцюмах,найперш – Бетлеемская зорка у прыгожай белай сукенцы, былі Каза і Мядзьведзь і нават Завіруха ў адмысловым белым убраньні, якое так пасавала Алене Жывіцы. Дзеці бралі таксама актыўны ўдзел у тэатаральнай дзеі. А потым яны з вялікім задавальненьнем бавіліся разам з дарослымі ў розныя гульні. Дружна запрашалі ў залю і самога сьв. Мікалая. Ён адгукнуўся на просьбу і прыехаў на сьвята з мехам падарункаў. Але, не так проста раздаваў дзецям, а кожны з іх павінен быць паказаць дзядулю нешта прыемнае – засьпяваць песеньку ці прадэклямаваць вершык. Аказалася, што ўсе дзеткі гэта ўмелі і ахвотна падыходзілі да дзядулі, а той адорваў іх смачнымі ласункамі.

А потым ніхто з прысутных не пазнаваў у залі сьв. Мікалая, калі ён вярнуўся ў сваім звычайным адзеньні. Толькі арганізатары ведалі, што гэтую ролю пасьпяхова выканаў Валеры Цыбулька.

Ласункі і смачная ежа чакалі ўсіх прысутных на вялікім стале, які падрыхтавалі нашыя жанчыны – Тацьцяна Красоўская, Аляксандра Станкевіч, Аксана Пятрашка.

За сьвяточна ўпрыгожанымі сталамі госьці частаваліся стравамі і вялі сяброўскія размовы. А дзеці працягвалі гуляць у прасторнай залі. Праблемаю для бацькоў пры адыходзе сталася тое, што іх дзеткі зусім не хацелі дамоў, некаторыя нават плакалі. Ім вельмі спадабалася вясёлая кампанія, прастор для гульняў, які ў бальшыні не маюць дома ў сваіх гарадзкіх кватэрах.

Арганізатары цешыліся, што імпрэза прайшло ўдала, што яны маглі зрабіць для малых беларусаў і іх бацькоў на чужыне сапраўднае сьвята ў нацыянальных традыцыях. Гэта застанецца ў памяці і ўсе будуць чакаць, што сустрэча са сьв. Мікалаем адбудзецца і ў наступным годзе.

Ганна Сурмач

Папярэдні запіс
Наступны запіс

Нядаўнія Запісы

Цытата

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч