У Амэрыцы нядаўна выйшаў на экраны фільм пад назваю “Гісторыя каханьня” (Love story), які шырока рэклямуецца. Серыял распавядае пра рэальную гісторыю каханьня сына забітага ў Далласе амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кеннэдзі і ягонай жонкі.
Джон Кеннэдзі-малодшы і Кэралін Бэсэт былі знакамітай параю, якая займала адметнае месца ў амэрыканскай публічнай прасторы. Абодва вызначаліся зьнешняй прыгажосьцю і выглядала, што іх чакае сумеснае шчасьлівае жыцьцё. Але, злы рок, што, як здаецца, перасьледуе цэлую сямью Кэнэдзі, не абыйшоў іх бокам. Яны разам загінуулі ў маладым веку пад час авіякатастрофы 16 липеня 1999 году. Гісторыя іх каханьня ўсхвалюе сэрцы тых, хто будзе глядзець фільм, што ўшаноўвае іх памяць.
Не так часта мы сустракаем у рэальным жыцьці людзей, каму пашанцавала знайсьці сваю “палавінку”, таго чалавека, з якім можна пражываць жыцьцё ў згодзе і радасьці.
Фільм абудзіў у ва мне жаданьне напісаць пра адну шчасьлівую сямью, якую добра ведала, таксама дзеля захаваньня памяці пра іх, бо яны амаль разам пакінулі гэты сьвет у мінулым годзе.
З вялікім сумам і нават душэўным болем успамінаю пра спадарства Вячкі і Джоан Станкевічаў. Сямья была добра вядомаю беларускай грамадзкасьці, яны былі актыўнай часткаю беларускага жыцьця ў розных краінах, дзе ім даводзілася жыць – ў Амэрыцы, у Нямеччыне, у Чэхіі.
Вячка Станкевіч – сярэдні з трох сыноў вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча Янкі Станкевіча. Ад маленства быў далучаны да беларускага жыцьця, дзяцінства яго прайшло ў Вільні, дзе ў міжваенны час гэтае жыцьцё віравала паўсюдна.
Янка Станкевіч у маладыя гады вучыўся ў Празе, у Карлавым унівэрсытэце, як адзін з беларускіх студэнтаў, што атрымалі стыпендыі ад чэхаславацкага ўрада. Сустрэў там чэшку Марыю Новакаву, пабраўся шлюбам і прывёз маладую жонку ў Вільню, дзе потым нарадзіліся іх сыны.
Падзеі Другой сусьветнай вайны вымусілі сямью падацца ў выгнанства, перасеклі акіян і апынуліся ў Амэрыцы, дзе пазьней далучыліся да жыцьця паваеннай беларускай эміграцыі.
У Нью-Ёрку пад час адной імпрэзы, якая праходзіла ў будынку, што ўтрымлівала супольнасьць маладых хрысьціянскіх жанчын і дзе беларусы таксама часам пранаймалі залю, Вячка сустрэў каханьне свайго жыцьця. Маладая амэрыканка Джоан Айві прыхільна адказала на ягоны зацікаўлены пагляд. Абодва прыйшліся адзін аднаму да спадобы. Як пазьней згадвала Джоан, яна закахалася ў Вячку з першай сустрэчы.
Джоан гадавалася на фарме ў штаце Вашынгтон на крайнім Захадзе Амэрыкі. Яе бацькі былі нашчадкамі раньніх пакаленьняў перасяленцаў, што асвойвалі новы кантынент. Сямья была вельмі рэлігійнай і трымалася традыцый. Яны з Вячкам паходзілі з розных сусьветаў, але гэта не сталася перашкодаю. Узаемнае каханьне, павага да поглядаў і стылю жыцьця іншага чалавека былі ўласьцівымі ім абодвум і яны заўсёды знаходзілі паразуменьне. Ішлі па жыцьці адным шляхам, даючы свабоду і прастору кожнаму для самаразьвіцьця. Для Вячкі галоўнаю справаю жыцьця была праца дзеля беларускай справы і Джоан падтрымлівага яго, заўсёды была побач з ім на гэтай дарозе. Яе паважалі ў беларускай грамадзе і яна па-сяброўску ставілася да людзей.
Калі ў 1990 годзе Вячку запрасілі на пасаду кіраўніка Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, яна таксама пераехала з ім у Мюнхен, а потым у Прагу. Гэта быў час, калі яшчэ існаваў Савецкі Саюз, а Усходняя Эўропа знаходзілася пад савецкім кантролем. Для Джоан гэта азначала вялікую перамену, але яна хутка звыкла да эўрапейскага ладу жыцьця і нават паспрабавала асэнсаваць гэты вопыт, Яна напісала кнігу пад назваю «Жыцьцё з водарам небясьпекі: Эўрапейскія прыгоды падчас падзеньня камунізму», якая выйшла ў 2013 годзе ў Амэрыцы ў выдавецтве Outskirts Press. У кнізе апісваюцца асабістыя ўражаньні аўтаркі ад падзеяў, якія суправаджалі падзеньне камунізму ва Усходняй Эўропе.
У той час, калі Вячка быў заняты працаю на Радыё, яна знайшла сабе і ідругі занятак – заклала ўласны бізнэс і доўга пасьпяхова займалася ім, каб быць фінансава самастойнай і і прыносіць прыбытак для сямейнага бюджэту.
Вячка і Джоан маглі не толькі спраўна працаваць, але і мелі іншае разнастайнае жыцьцё. Купілі сабе аўта – “домік на калёсах” і шмат падарожнічалі. Таксама любілі танчыць, гэта было іх сапраўднае захапленьне. Заўсёды глядзелі на жыцьцё аптымістычна, былі вясёлымі і таварыскімі. Ніколі не ўжывалі алькаголю, але, гэта ім і не было патрэбна, бо стымулам для поўнавартаснага жыцьця было іх каханьне, а не нейкія штучныя дадаткі.
Калі я апынулася ў Празе псьля ўцёкаў з Беларусі, некаторы час я жыла ў доме спадарства Станкевічаў, які яны набылі ў прыгарадзе. З прыемнасьцю я бачыла якая прыязная, цёплая атмасфэра была ў іх дома. Заўсёды весела, актыўна, без лішніх гаспадарскіх клопатаў.
Я вельмі ўдзячная сп. Вячку за ягоную падтрымку ў той цяжкі для мяне час. Ён дапамог не толькі з жытлом, але і запрасіў мяне на працу ў Рэдакцыю, каб распачаць новую праграму “Беларускае замежжа”. У рэдакцыйным беларускім асяродку мне было шмат лягчэй адаптавацца для новага жыцьця ў эміграцыі.
У нас з Вячкам былі даўнія сяброўскія адносіны, якія завязаліся менавіта праз Чэхію. Чэхія для Вячкі і ягонага брата Юркі была другой Радзімаю па маці, яны ведалі мову і культуру. Абодва прыехалі ў Прагу на жыхарства, Юрка назаўсёды, а Вячка на час працы на Радыё. Я прыязджала ў Прагу яшчэ да эміграцыі, мела там сяброў-чэхаў і сустракалася з братамі Станкевічамі. Наша сяброўства засталося назаўсёды, да апошніх дзён іх абодвух. Апошніч часам тут у Амэрыцы мы часта тэлефанаваліся са сп. Вячкам. Ён жыў далёка ў Арызоне, але заўсёды цікавіўся беларускім жыцьцём у Нью-Ёрку. Мы з ім размаўлялі літаральна за тыдзень да ягонай сьмерці. .
Калі 16 ліпеня 2025 прыйшла гэтая сумная і балючая вестка, я адразу падумала, а як цяпер будзе Джоан. Яна даглядала яго да апошніх дзён, так, як і ўсё жыцьцё. Было цяжка ўявіць іх адно без другога. У маім сэрцы была боль не толькі з-за страты, але і за асірацелую Джоан, бо я занадта добра ведала, што для яе гэта амаль немагчымая сытуацыя. Думалася, што можна зрабіць, як падтрымаць, дапамагчы перажыць ўсё гэта. Але, што я магла зрабіць, акрамя як паслаць спачуваньне і словы падтрымкі. Яна адказала і падзякавала, знайшла ў сабе сілы.
Але, жыць у адзіноце не змагла, а можа і не хацела. Амаль праз тры месяцы, 8 кастрычніка 2025, Джоан адыйшла ў вечнасьць, туды, дзе імкнулася сустрэцца з душою каханага, каб застацца разам назаўсёды.
Наша гісторыя каханьня, на шчасьце, была больш аптымістычнаю. Жыцьцё не ставіла Вячку і Джоан трагічных перашкодаў і дазволіла ім прайсьці разам доўгі і плённы шлях, яны выгадавалі двух сыноў. Вячкі не стала на 93-м годзе жыцьця і Джоан было недзе столькі ж.
Ганна Сурмач
