Гэтая вестка засмуціла цэлую беларускую грамадзкасьць, бо беларусам добра вядомая кампанія ЕРАМ Systems («Effective Programming for America»). Яна была заснавана ў 1993 годзе амэрыканскім бізнэсоўцам беларускага паходжаньня Аркадзем Добкіным. Дзейнічае ў галіне праграмнага забесьпячэньня і аказвае паслугі ў кансалтынгу. Першыя офісы былі адчыненыя ў ЗША і Беларусі, зараз мае офісы ў шэрагу іншых краінаў сьвету. У Беларусі зьяўляецца рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгіяў.

Нечаканая страта вядомага чалавека асабліва балюча закранула тых нью-ёрскіх беларусаў, якія гуртуюцца вакол Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага і Беларускага цэнтру пры ім на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне. Менавіта на багаслужбы сюды час ад часу заходзіў сп. Алег Вільчынскі разам з жонкаю і маленькай дачкою. Гэтая мілая сямья радавала вока кожнага, хто быў прысутны ў царкве ў гэты час. Алег быў настолькі сьціплым чалавекам, што мы нават і не здагадваліся, хто ён ёсьць. Ягоная жонка Тацьцяна з маленькай дачушкай прыязджалі кожную нядзелю ў царкву, бо яна сьпявала у царкоўным хоры, дзе яе прыгожы голас адметна выдзяляўся. Кожны раз яны прыходзілі ўдваіх да прычасьця і гэта быў для прысутных адным з самых прыемных момантаў цягам багаслужбы. Цяжка цяпер ўявіць, што яны засталіся адныя і што мы ніколі ўжо не пабачым іх разам з Алегам.

На жаль, толькі цяпер мы даведаліся пра тое, якім годным чалавекам быў Алег. Пра гэта напісаўна сваёй старонцы ў Linkedin заснавальнік EPAM Аркадзь Добкін: «Неверагодна мэтанакіраваны, прагны да ведаў, дапытлівы, рызыковы — ён заўсёды імкнуўся быць першым. Алег заставаўся такім да самага канца. Ён стаў адным з тых, хто пабудаваў EPAM, і адным з тых, хто вызначаў будучыню кампаніі”.

Алегу Вільчынскаму было ўсяго 46 гадоў, гэта узрост жыцьцёвага і творчага росквіту чалавека, які перапыніла бязьлітасная хвароба. Нарадзіўся ён у Наваполацку, скончыў Школу бізнэсу і тэхналогій кіравання БДУ, атрымаў ступень MBA. Пасля сканчэння IT-курсаў пачаў кар’еру ў якасці інжынера-праграміста на «Інтэграле». У EPAM прыйшоў больш за 20 гадоў таму — стартаваў з пазіцыі старэйшага бізнэс-аналітыка і дарос да пазіцыі віцэ-прэзідэнта, адказнага за кірункі бізнэсу ў Паўночнай Амерыцы. Разам з кіраўніцтва ЕРАМ пераехаў у ЗША.

У 2017 годзе пабраўся шлюбам з Тацьцянаю, прыгожай беларускай дзяўчынаю з Баранавічаў, сямью якой добра ведаюць у гэтым горадзе, як патомных вядомых лекараў. У Тацьцяны і Алега нарадзілася цудоўная сьветлавалосая беларусачка, якой далі біблейскае імя Ева, яна цяпер будзе працягваць род Алега.

Апошнім часам сямья жыла ў Лонг Айлендзе, непадалёку ад Нью-Ёрка, ў сваім доме, які таксама цяпер асірацеў без гаспадара.

Сябры Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) і Парафіяльная рада Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага выказваюць шчырыя спачуваньні сп. Тацьцяне, маленькай Еве і ўсім родным і блізкім Алега з нагоды гэтай заўчаснай і незваротнай страты, а таксама прапануем нашу сяброўскую дапамогу і падтрымку ў такі цяжкі час.

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч