1 лістапада 2026 г. ў Беларускім цэнтры ў Таронта адбыўся Устаноўчы сход па адраджэньню Згуртаваньня Беларусаў Канады на тых нацыянальных і ідэёвых асновах, якія былі закладзеныя пры яго заснаваньні ў 1948 годзе: вернасьці ідэалам 25 Сакавіка – незалежнасьці Беларусі, захаваньню Беларускае мовы, культуры, нацыянальных традыцыяў.
Неабходнасьць рэфармацыі насьпявала гадамі. Адыход існага ЗБК ад ягоных першапачатковых прынцыпаў, разрыў традыцыйнага супрацоўніцтва з БAПЦ, разыходжаньні ў пытаньнях адзначэньня Беларускіх Нацыянальных Сьвятаў, выкарыстаньне непрымальна мадыфікаваных Беларускіх Нацыянальных Сымбаляў у акцыях, што ня тычацца Беларускае тэматыкі (прайд-парад, інш.), пераканалі шэраг шматгадовых сябраў ЗБК у неабходнасьці новага пачатку.
Замест бясконцых спрэчак вырашана скіраваць назапашаны досьвед і энэргію на адраджэньне арганізацыі ў духу яе заснавальнікаў.
Устаноўчы сход пастанавіў вярнуцца да першапачатковае назвы Беларускае арганізацыі — Згуртаваньня Беларусаў у Канадзе, з наданьнем ёй імя Кастуся Акулы – асобы, якая ў 1948 г. сабрала Беларускіх эмігрантаў Паўднёвага Антарыё і адыграла вырашальную ролю ў закладаньні падмурка арганізаванага Беларускага жыцьця ў Канадзе.
- Назоў Згуртаваньня Беларусаў у Канадзе імя К. Акулы па-ангельску – Akula Аssotiation of Belarusans in Canada.
- Сход абраў Галоўную Ўправу на чале са Старшынём Віталем Кошалевым.
- Сход разгледзеў праект Статуту, які мае стаць прадстаўленым Першаму Сойму ЗБК імя К. Акулы, і шэраг іншых арганізацыйных пытаньняў.
- Пасьля сходу ў Царкве Сьв. Кірылы Тураўскага адбылася нядзельная Боская літургія, падчас якое Першаярарх БAПЦ Архіяпіскап Сьвятаслаў блаславіў Згуртаваньне на добрую справу і плённую працу.
У другой палове дня група ўдзельнікаў Сходу наведала могілкі Pine Hills, дзе знайшлі вечны супакой Кастусь Акула і Мікола Ганько – першы і апошні кіраўнікі ЗБК з паваеннае эміграцыі.
Наша мэта — стваральная дзейнасьць аднадумцаў, аб’яднаных Беларускімі нацыянальнымі ідэаламі, узаемным даверам і адказнасьцю перад Бацькаўшчынай.
Адраджэньне традыцыі 1948 году адкрывае новую старонку Беларускага арганізаванага жыцьця ў Канадзе.
Алесь Кот,
Таронта
