19 кастрычніка 2025 ў Беларускім цэнтры на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне прайшла сустрэча з вядомым беларускім мастаком Алесем Шатэрнікам і адкрыцьцё ягонай персанальнай выставы ў грамадзкай залі.
Прысутныя мелі нагоду паглядзець жывапісныя творы мастака, а таксама бліжэй пазнаёміцца з ім, як творчаю асобаю і неардынарным чалавекам.
Мастак раней пераважна працаваў ў галіне дэкаратыўнай і манументальнай скульптуры. Свае мастацкія працы ён пачаў выстаўляцьу напачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. З таго часу яго скульптуры зьявіліся ў зборах буйных музеяў Беларусі, а таксама іншых музеяў у розных краінах. Скульптуры Алеся можна пабачыць на вуліцах беларускіх гарадоў, у тым ліку і ў сталіцы Менску.
На пачатку 90-х мастак пачаў маляваць алеем, стварыў шмат прыгожых усходнееўрапейскіх краявідаў.
Алесь Шатэрнік зьяўляецца не толькі творцам, але і актыўным удзельнікам беларускага грамадзкага жыцьця пад час новага Беларускага Адраджэньня.
У 2005 годзе сп. Алесь разам са сваім сябрам вядомым беларускім мастаком Аляксеем Марачкіным стварылі вядомы беларускі Звон Свабоды, бронзавы звон, які выкарыстоўваўся на шматлікіх грамадзкіх акцыях у Менску, але потым быў канфіскаваны рэжымам дыктатара вясною 2006 году.
Алесь быў сябрам Беларускага саюза мастакоў і творчай групы “Пагоня”.
У эміграцыі мастак працягнуў сваю творчую працу і займаецца ёю да сёньняшняга часу, што падцьвердзіла ягоная выстава, дзе пераважалі абразы, напісаныя ўжо ў Амэрыцы.
Ганна Сурмач