Хочацца выказаць тут добрае слова ў падтрымку ідэі, якую вынайшлі і рэалізавалі практычна сп-ры Віталь Зайка і Марат Клакоцкі. Сёлета пабачыў сьвет падрыхтаваны імі ўжо 19-ты па ліку выпуск Літаратурнага альманаха беларускіх пісьменьнікаў замежжа за 2025 год. Выданьне стала арыгінальнай зьяваю ў культурным жыцьці беларускай эміграцыі. А галоўнае, вельмі патрэбным у сучаснай сытуацыі, калі беларускім літаратарам не даюць друкавацца нават у самой Беларусі. Сёньняшняю беларускую дыяспару ў сьвеце складаюць выразныя прадстаўнікі інтэлектуальнай часткі беларускай нацыі, якія маюць патрэбу ў рэалізацыі сайго творчага патэнцыялу. Літаратары не рэалізуюцца ў поўнай меры, калі пішуць “ў шуфлядку” і не маюць доступу да чытача праз публікацыю твораў. І вось гэты прабел вельмі пасьпяхова запаўняе альманах “Беларус”.

Кожны чарговы выпуск (звычайна гадавы) становіцца падзеяю і прэзентуецца публічна. Апошнія гады гэта адбываецца ў грамадзкай залі Сабору сьв Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Гадавік за 2025 год таксама меў там прэзэнтацыю 13 сьнежня 2025.

Вёў імпрэзу сп. Сяржук Сокалаў-Воюш, ён адзін з рэдактараў і аўтараў выданьня. Прысутныя зацікаўлена слухалі выступы аўтараў выпуску, якія распавядалі пра свае творы і пра творчыя пляны на будучыню. Выглядае, што жыцьцё зборніка мае перспектыву – ёсьць каму пісаць і каму чытаць. Рэдактары заклікалі прысутных быць не толькі чытачамі, але і больш адважна апрабаваць свае літаратурныя здольнасьці. А Сяржук Сокалаў-Воюш нават прапанаваў сваю дапамогу пачаткоўцам, хто адважыцца зрабіць першы творчы крок. Марат Клакоцкі падкрэсьліў, што альманах патрабуе не толькі новыя тэксты, але і грошы на выданьне і заклікаў падтрымаць яго фінансава. У залі можна было набыць новы выпуск і нават папрасіць аўтограф у абранага і прысутнага аўтара.

У часе імпрэзы адбылося таксама адкрыццё дзвюх выстаў: фатаграфій, зробленых Зянонам Пазняком, і жывапісных абразоў Валянціны Якімовіч.

Ганна Сурмач

Папярэдні запіс
Наступны запіс

Нядаўнія Запісы

Цытата

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч