Ужо сталася традыцыяй, што амаль пад час кожнага прыезду ў Нью-Ёрк сп. Пазьняк прывозіць сваю новую кнігу і прэзентуе яе на сустрэчы з беларускай грамадой у грамадзкай залі Сабору сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне.
Гэтым разам прэзэнтацыя новай кнігі пад назваю “Стаць у праломе мура” адбылася 7 сьнежня 2025. Кніга мае інтрыгуючую назву і зацікавіла многіх, каб прыйсьці ў нядзелю на імпрэзу. Сам аўтар патлумачыў, што назва не выпадковая. У гісторыі адной з галінаў ягонага роду ёсьць старажытны герб – на шчыце мур з трыма вежамі, а ў адкрытай браме стаіць рыцар з мячом у руцэ. Гэтая выява і натхніла аўтара даць такую асацыяваную назву сваёй кнізе.

Кніга зьмяшчае тэксты зьмястоўных інтэрвю, які ўзялі ў сп. Пазьняка два вядомыя беларускія журналісты Павал Мажэйка і Зьміцер Гурневіч у 2014-2015 гадох. Адлюстроўвае падзеі другой паловы 19 ст. Гэта аповяд пра падзеі, пра асобы, пра культурнае, грамадзкае і палітычнае жыцьцё таго часу, асэнсаваныя праз уласны вопыт. Менавіта, у гэтым, найперш, ёсьць найбольшая каштоўнасьць кнігі – не афіцыйныя публічныя выступы ці публікацыі, а шчырая гаворка, нават споведзь, пра пражытае і перажытае. Так найбольш глыбока і яскрава раскрываецца асоба чалавека, ягоная філязофія, ягоныя погляды на сьвет нават, часам, праз самыя дробныя жыцьцёвыя дэталі. Тым больш каштоўна, калі аўтар ёсьць адной са знакавых асобаў беларускай гісторыі.
Аўтар зрабіў уступ да імпрэзы, каб больш дэталёва распавесьці прысутным пра сэнс выданьня кнігі ў сёньняшні час, пра тое, што ён сам хацеў данесьці да людзей праз гэтае выданьне. Зацікаўленая аўдыторыя не толькі ўважліва слухала, але многія зьвярнуліся да аўтара і з пытаньнямі. А тыя, хто з прысутных былі ўдзельнікамі ці сьведкамі падзеяў, пра якія гаворыцца ў кнізе, падзяліліся сваімі ўспамінамі. Маладзейшыя беларусы з дапамогаю кнігі змогуць глыбей пазнаць гісторыю сваёй краіны новага часу, асабліва той перыяд, калі зараджалася і набірала моц новае Беларускае Адраджэньне, што прывяло да ўзнаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Напрыканцы імпрэзы можна было набыць кнігу з аўтографам аўтара.
Ганна Сурмач
