Памятаецца, як у дзяцінстве ляпілі сьнегавікі. Звычайна скатаныя 2-3 сьнегавыя кулі, пастаўленыя адна на адну, а наверх – меньшая, як галава. Потым вугалькі замест вачэй, морква – замест носа. мятла у руцэ, ды нешта накшталт капялюша – на галаву.
А вось творчая асоба глядзіць на гэтую справу інакш, значна цікавей. Наш вядомы беларускі скульптар Гэнік Лойка, калі пабачыў ля нашай царквы ў Нью-Ёрку згорнутую машынаю гурбу сьнегу, адразу зразумеў, што гэта добры матэрыял для паўнавартаснай скульптуры. Папрацаваў некалькі гадзінаў і на люднай вуліцы Атлантык Антык у Брукліне зьявілася скульптурная выява караля з каронаю і нават барадою. Калі запыталіся, чыя, Гэнік з гонарам адказаў – кароль Міндоўг.
А далей мне давялся стаяць там і распавядаць шматлікім мінакам, што гэта выява першага караля старажытнай беларускай дзяржавы і стаіць тут па той прычыне, што побач знаходзіцца наш Беларускі цэнтр і зрабіў скульптуру наш беларускі мастак. Усе вельмі цікавіліся і фатаграфаваліся побач. Нават журналісты з вядомай газэты New York Post прыйшлі і мелі размову з мастаком.
А на наступны дзень пайшоў дождж і ўсё паплыло. Але, фота засталося.
Ганна Сурмач
