У ліпені сёлета памерла сп. Валянціна Балашчанка, адна з актыўных удзельнікаў беларускага жыцьця ў Нью-Ёрку. Доўгія гады яна была сяброўкаю БАЗА і належала да Парафіі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ. На жаль, апошнія гады яна па стану здароўя не магла наведваць фізічна наш Беларускі цэнтр на 401 Атлантык Авэню у Брукліне, але заўсёды цікавілася навінамі, што там адбывалася.
Сп. Валянціна была шчырай беларускай патрыёткаю, знаходзілася ў блізкіх сваяцкіх адносінах з вядомым беларускім навукоўцам і грамадзкім дзеячам Вячаславам Рагойшам. Заўсёды з болем згадвала пра сытуацыю на Бацькаўшчыне і пра сумны лёс сямьі Рагойшаў, якія засталіся у Беларусі.
Сп. Валянціна была чулым, дабрасардэчным чалавекам, заўсёды была гатовая дапамагчы іншым. Асабіста я сардэчна ўдзячная ёй за істотную дапамогу ў вельмі важнай для мяне справе. Яе душа адклікалася на клопаты знаёмых і блізкіх можа таму, што сама мела складаны і даволі цяжкі лёс. Адна выгадавала дзвюх дачок і адначасна зрабіла пасьпяховую прафэсійную карьеру ў банкаўскай справе. Залатвіла сваё жыцьцё на чужыне і тут жа прывезла з Беларусі маці, якую доўгія гады цяжка хвораю даглядала да адыходу ў вечнасьць. А цяпер і сама была пахаваная побач з маці на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку.
Вечная і сьветлая памяць добрай беларускай жанчыне!
Ганна Сурмач
