23 жніўня 2026 беларусы Нью-Ёрку традыцыйна сабраліся ў Беларускім цэнтры на 401 Атлантык Авэню, каб адзначыць надыходзячае сьвята – Дзень аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, што прыпадае на 25 жніўня. 35 гадоў таму ў гэты жнівеньскі дзень 1991 году наша Бацькаўшчына замацавалася на мапе сьвету, як самастойная краіна. Беларусы па цэлым сьвеце ўшаноўваюць гэту вялікую падзею ў гісторыі нашага народу.
Сход адчыніла старшыня Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Залзіночаньня (БАЗА) сп. Натальля Федарэнка. Яна нагадала прысутным пра тую лёсаносную старонку гісторыі Беларусі, пра тое, што гэта быў вынік доўгага змаганьня нашага народу за аднаўленьне сваёй дзяржаўнай незалежнасьці. Яна таксама адзначыла што, на жаль, працэс замацаваньня незалежнасьці краіны яшчэ не завершаны, створаная дыктатарскім рэжымам сытуацыя пагражае стратаю самастойнасьці нашай Бацькаўшчыны і цяпер на нас ляжыць абавязак змагацца за тое, каб канчаткова пазбавіцца ад уплываў агрэсыўнага ўсходнягя суседа – імпэрскай Расеі.
На сьвята да нью-ёрскіх беларусаў завітаў адмысловы госьць з Эўропы – вядомы пісьменьнік Саша Філіпенка. Ён прывітаў прысутных і напачатку дзеля бліжэйшага знаёмства распавёў пра свой жыцьцёвы шлях і творчыя набыткі, пра ягоны эмігранцкі лёс. Далей ініцыятыву перабралі слухачы, па іх пытаньнях да пісьменьніка было выразна бачна, што многія добра абазнаныя ў сучаснай беларускай літаратуры і даволі грунтоўна ведаюць творчасьць самога госьця. Сустрэча атрымалася вельмі зьмястоўнай і, як выглядала, карыснай для абодвух бакоў.

Так вось у гэты сьвяточны дзень спалучаліся гістарычныя падзеі і сучаснае жыцьцё беларускага грамадзтва, расьцярушанага па цэлым сьвеце, якое не страціла сваю нацыянальную сутнасьць і працягвае разьвіваць сваю культуру, сваё грамадзкае жыцьцё на чужыне. Напэўна, без падзеяў 25 жніўня не сфармавалася б новае пакаленьне беларусаў, якое сёньня можа выконваць гэтую важную нацыянальную працу.
Ганна Сурмач
