30 лістапада 2025 у Беларускім цэнтры ў Таронта, Канада адбыліся ўрачыстасьці, прысьвечаныя 105-м угодкам Слуцкага Збройнага Чыну.
Сьвяточная ўзьнёсласьць адчувалася ўжо на падыходзе да будынку Цэнтру, на ім разьвіваліся беларускі і канадыйскі сьцягі, прыцягвала ўвагу ўпрыгожаная рушнікамі і зьнічкай Мэмарыяльная дошка ў гонар 100-годдзя Кастуся Акулы, што ўсталявана 2 тыдні таму на сьцяне будынку.


У царкве Сьв. Кірылы Тураўскага (БАПЦ) раніцаю была адслужана паніхідаў памяць Слуцкіх паўстанцаў, дзе схіляліса сьцягі ў хвіліну смутку. А потым ў грамадзкай залі былі выступы і ўзгадваньні, якія вярталі нас да тых памятных падзеяў.
Падчас урачыстасьцяў былі агучаныя Звароты Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, кіраўніка Руху ”Вольная Беларусь” Зянона Пазьняка. Старшыня Канадыйскага сэктару Рады БНР Алесь Кот, сябра Ўправы Таронтаўскага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады Віталь Кошалеў, Сьвятар БАПЦ Вячаслаў Кучук распавялі пра падзеі ў Беларусі ў першыя 20 гадоў мінулага стагоддзя, пра барацьбу за волю, дзяржаўную і нацыянальную незалежнасьць Бацькаўшчыны, пра подзьвіг Случчакоў.

Aкцэнтавалася, чаму дзеля будучыні істотна памятаць мінуўшчыну.
Надзвычай хвалюючымі былі хвіліны,калі  зачытваўся Сымбалічны Ліст Герояў:
“- Удзельнікі Паўстаньня 1863-64 г.г. начале з Кастусём Каліноўскім, – гучыць з вуснаў Старшыні Парафіяльнае Рады Зьміцера Ельяшэвіча.
– Загінулі за волю Бацькаўшчыны, – рэхам адгукваецца заля.
– Удзельнікі змаганьня за незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі начале са Слуцкім Паўстанцамі.
– Загінулі …
– Камандзіры й Жаўнеры Беларускае Краёвае Абароны начале з Генерал-маёрам Канстанцінам Езавітавым.
– Загінулі …”
Сьвяткаваньне 30 лістапада ў Канадзе — гэта мэмарыялізацыя гісторыі, наш адказ на забыцьцё. Памятныя шыльды, Крыжы ў Мідляндзе, кнігі, паштоўкі, сьцягі, сьвяты — ня проста фармальныя знакі. Гэта тое, што мы пакідаем наступным генерацыям беларусаў.

Мы мусім рабіць гэтую працу цяпер, каб маладое пакаленьне ведала, што было да іх, што рабілі іхныя папярэднікі, і разумела, за што на працягу ўсяе нашае больш чым 1000-гадовае гісторыі змагаліся й палеглі мільёны Крывічоў, Літвінаў, Беларусаў, сярод якіх і Слуцкія Ваяры.

Алесь Кот

Таронта

Цытата

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч