Ганна Сурмач
9 лістапада 2025 у грамадзкай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбылася цікавая сустрэча з паважанымі гасьцямі з Эўропы – сп. Зяном Пазьняком і сп. Паўлам Шурмеем. Абодва госьці добра знаёмыя асобы для нью-ёркскіх беларусаў, таму шмат хто ў гэты нядзельны дзень наведаўся ў наш Беларускі цэнтр.
Сп. Пазьняк час ад часу прыязджае ў ЗША і заўсёды на такіх сустрэчах распавядае пра падзеі сучаснага палітычнага жыцьця адносна сытуацыі ў Беларусі і ў дыяспары. Гэтым разам ён таксама засяродзіўся на актуальных праблемах, на новых абставінах, якія ўзьніклі ў сувязі з выяўленай зацікаўленасьцю амэрыканскай адміністрацыі да становішча ў Беларусі, што можа спрыяць вызваленьню палітвязьняў лукашэнкаўскім рэжымам. Таксама падзяліўся інфармацыяй пра тое, на што скіроўвае сваю дзейнасьць Рух “Вольная Беларусь” пад ягоым кіраўніцтвам. Аўдыторыя зацікаўлена ўспрымала сказанае і шмат хто задаваў пытаньні выступоўцу.
Сп. Павал Шурмей вядомы не толькі нам, але і ўсяму беларускаму грамадзтву, як кіраўнік знакамітага Палка імя Каліноўскага, што сёньня ваюе ва Украіне супроць расейскіх агрэсараў. Павал, родам з Ліды, вядомы беларускі спартовец-вясьляр, мае багаты вопыт непасрэдага ўдзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне, быў на фронце паранены. З ягонага аповяду прысутныя даведаліся, ў якіх умовах ваююць беларускія ваяры, пра тыя цяжкасьці , якія даводзіцца перажываць, пра тое, якую дапамогу сёньня патрабуюць і заклікаў аказваць гэтую дапамогу. Таксама распавёў пра апошнія зьмены ў арганізацыі кіраўніцтва Палком, калі было вырашана перайсьці ад персанальнага кіраўніцтва да стварэньня кіруючай структуры, што, як мяркуецца, больш адпавядае патрэбам часу і можа палепшыць пасьпяховаць вайсковых дзеяньняў і пытаньняў забясьпячэньня Палка. Сам Павал з сямьёю мусіў прыехаць ў Амэрыку, каб захаваць амэрыканскае права на жыхарства, але плянуе вярнуцца ва Украіну. У прысутных да Паўла таксама было шмат пытаньняў і пажаданьняў, на якія ён ахвотна і грунтоўна адказваў.
На завяршэньне сустрэчы прысутныя адразу ж актыўна ўключыліся ў арганізаваны збор грошай для Палка імя Каліноўскага, каб накіраваць іх на тыя патрэбы, пра якія гаварыў Павал.

