Сёлетняе сьвяткаваньне Дня Волі ладзілася ў Нью-Ёрку ў нядзелю 29 сакавіка 2026. Беларуская грамада традыцыйна сабралася ў будынку Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне, які ёсьць цэнтрам беларускага грамадзкага жыцьця ў “сталіцы сьвету”.
Сьвяткаваньне было так шматлюдным, што нават не хапала вольнага мейсца ў грамадзкай залі. Акрамя беларусаў з Нью-Ёрку і ваколіцаў, прыехалі і пяцёра гасьцей з Таронта – сяброў Згуртаваньня беларусаў Канады, а таксама нашыя сябры з Філадэльфіі. Удзел у сьвяткаваньні браў кіраўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы шаноўны Уладыка Сьвятаслаў, а таксама прадстаўнік паваеннай эміграцыі, цяперашні ганаровы старшыня Парафіі Сабору сп. Расьціслаў Гарошка.
Раніцаю ў Царкве з удзелам Уладыкі адбылася архірэйская багаслужба, якая завяршылася ўрачыстаю Малітваю за Беларусь. У царкоўную залю былі ўнесены вялікія сьцягі – беларускі і амэрыканскі і пад імі прысутныя маліліся за лепшую будучыню для сваёй Бацькаўшчыны.
Далей сьвяткаваньне працягнулася ў грамадзкай залі. Адкрыла імпрэзу старшыня Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) сп. Натальля Федарэнка, яна павіншавала прысутных са сьвятам і прапанавала заслухаць віншаваньне дзейснай Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) сп. Івонкі Сурвіллы, якое праз відэа можна было бачыць на экране.
Сп. Натальля паведаміла, што ў залі ёсьць прысутныя дзейсныя сябры Рады БНР – Алесь Кот, Віталь Кошаляў, Валянціна Трыгубовіч, Валеры Дворнік, Ганна Сурмач.
Далей сп. Натальля перадала слова сп. Зянону Пазьняку, які прыехаў з Варшавы, а да гэтага ужо быў прысутны на адкрыцьці Беларускага цэнтра ў Міннеапалісе. Сп. Пазьняк у сваёй пранізьлівай прамове распавёў пра асноўныя падзеі гістарычнай даўніны, калі была абвешчана незалежнасьць БНР, згадаў імёны тых беларускіх дзеячоў, якія дамагліся важнейшай мэты для беларусаў – абвясьціць усяму сьвету пра адвечнае права нашага народу на сваю дзяржаву.

Сказанае ў выступе сп. Пазьняка ілюстравала на экране сяброўка БАЗА сп. Алена Жывіца, яна дэманстравала гістарычныя дакумэнты, фотаздымкі тых памятных часоў, што дапамагала больш даходліва ўспрымаць усю глыбіню і высокую значнасьць падзеяў, зьвязаных з гісторыяй БНР. Сп. Алена – прафэсійны гісторык, выкладчыца гісторыі. Як настаўніца, яна прапанавала прысутным замацаваць атрыманую інфармацыю і правесьці адмысловую віктарыну па гісторыі БНР, дапамогу ёй аказваў старшыня Нью-Ёрскага аддзела БАЗА сп. Сяргей Кудзеліч. На экране дэманстраваліся зараней падрыхтаваня пытаньні, а прысутныя мелі магчымасьць дэманстраваць сваю дасьведчанасьць. Прыемна было назіраць, як актыўна моладзь брала ўдзел у гэтай дзеі. Тыя, хто набраў найбольш правільных адказаў, атрымаў адмысловыя прызы. Выглядала, што вось такі нетрадыцыйны падыход вельмі спадабаўся ўдзельнікам сьвята.
Ад імя Рады БНР і адначасна ад Згуртаваньня Беларусаў Канады прывітаў прысутных сп. Алесь Кот з Таронта, які разгарнуў перад заляю сьцяг Канады. У сваёй прамове ён засяродзіўся на тым, якую ролю сёньня выконвае Рада БНР і ў чым яе значнасьць у сучаснай гісторыі нашай краіны.

З прывітальным словам выступіў сп. Віталь Зайка – старшыня Згуртаваньня “Пагоня”. Пра цікавыя факты з гісторыі БНР згадваў у сваім выступе сп. Зьміцер Левіт.

Адметнасьцю імпрэзы сталася падрыхтаваная выстава дакумэнтаў, фота і кнігаў па гісторыі БНР, якія захоўваюцца ў бібліятэцы пры Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага. Пра зьмест выставы распавяла вядомая дасьледчыца беларускай гісторыі сп. Натальля Гардзіенка, якая цяпер займаецца ўпарадкаваньнм фондаў бібліятэкі Сабору і падрыхтавала гэтую экспазыцыю.
Напрыканцы гасьцей чакалі сьяточны абед, сяброўскія знаёмствы і гутаркі. Яшчэ доўга прысутныя не сьпяшаліся разыходзіцца, бо хацелася як надалей ужыць асаблівую сьвяточную атмасфэру, што надавала надзею на далейшую сумесную працу дзеля беларускай справы.
Ганна Сурмач
