21 сакавіка 2026 у Таронта адбыліся ўрачыстасьці, прысьвечаныя Дню Волі.
Сьвяточная праграма пачалася мітынгам беларусаў ва украінскім квартале гораду — на скрыжаваньні вуліц Блур і Джэйн. Сьвятар БАПЦ ярэй Вячаслаў прачытаў Малітву за Беларусь.
На мітынгу з прамовамі выступілі прадстаўнікі Рады БНР і Згуртаваньня беларусаў Канады (ЗБК).
Была выразна агучаная пазыцыя пра расейскую імпэрскую агрэсію супраць Украіны і гібрыдную акупацыю Беларусі, а таксама салідарнасьць з украінскім народам у змаганьні за свабоду. Асобны акцэнт быў зроблены на адказнасьці дыяспары — заставацца голасам Беларусі, падтрымліваць змаганьне і захоўваць нацыянальную ідэнтычнасьць праз мову, гістарычную памяць і дзеяньне.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць беларусаў, якія загінулі ва Украіне за свабоду украінскага і беларускага народаў, за незалежнасьць абодвух братэрскіх дзяржаваў.
Далей удзельнікі мітынгу рушылі ў накірунку да Беларускага цэнтру. Людзі несьлі Бел-Чырвона-Белыя сьцягі, а таксама сьцягі Канады і Украіны.
Шэсьце праходзіла пад дэвізам «За Нашу і Вашу Свабоду!» і суправаджалася гучнымі лёзунгамі: «Жыве Беларусь! Жыве вечна!», «Слава Украіне! Героям слава!»
Ля будынку Беларускага цэнтру ўдзельнікі шэсьця ўсклалі Бел-Чырвона-Белыя кветкі да Памятнай дошкі ў гонар Кастуся Акулы, урачыста адкрытай 16 лістапада 2025 году з нагоды ягонага стагоддзя.
Ва ўрачыстай Акадэміі прынялі ўдзел блізу 75 чалавек. Былі запрошаны Прэзыдэнт Асацыяцыі украінскіх ветэранаў вайны ў Канадзе Андрій Сочаніўській, Прэзыдэнт Канадыйскае Асацыяцыі NATO Роберт Бэйнз, Старшыня Эстонскае Цэнтральнае Рады ў Канадзе Рыйт Мартэн Сэйр, прадстаўнік Ганконгскае грамады ў Канадзе Льюіс Вонг.
Напачатку прагучалі дзяржаўныя гімны Канады і Беларускае Народнае Рэспублікі — «О, Канада, — Наш Дом і Родная Зямля» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
Першагерарх БАПЦ Архцыбіскуп Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў прачытаў Малітву за Беларусь, перад усім распавёўшы пра шматгадовую традыцыю гэтае дзеі і вялікае значэньне захаваньня яе для будучых пакаленьняў беларусаў на чужыне і Бацькаўшчыне.
Прысутных вітала Прэзідэнт Згуртаваньня Беларусаў Канады Аляксандра Логвін.
Прагучалі віншавальныя відэазвароты Івонкі Сурвілла, Зянона Пазьняка, Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Севярынца. У жывым эфіры да прысутных зьвярнуліся Івонка Сурвілла і Алесь Бяляцкі.
Дэманстравалася кніжная выстава выданьняў выдавецтваў «Беларускія ведамасьці» (Варшава — Нью-Ёрк) і «Грунвальд» (Міндэн, Канада). Былі прадстаўленыя ўнікальныя гістарычныя выданьні — зборы газэты «Беларускі эмігрант», часапісу «Зважай», што выдаваліся Кастусём Акулам у 1947–1994 гг., нумары газэты «Бацькаўшчына» 1948 і 1961 гг. выданьняў, прысьвечаныя 25 Сакавіка.
Пасьля афіцыйнай часткі адбыўся канцэрт. Кранальна гучалі выступы гуртоў «Яваровы Людзі» і «Яваровы Дзеці», сольнае выкананьне сьпеваў.
Сьвяткаваньне яшчэ раз пацьвердзіла: Дзень Волі застаецца Беларускім Нацыянальным Сьвятам, якое аб’ядноўвае беларусаў па ўсім сьвеце.
Жыве Беларусь!
Алесь Кот
Таронта
