У сталіцы Канады горадзе Атава 12 красавіка 2026 адбылася падзея, якая сабрала разам беларускую супольнасьць з Канады і Эўропы і стала сапраўдным сьвятам духу, памяці і ўдзячнасьці. Нагода была выключная — 90-годдзе Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, якая цяпер жыве у Атаве. Наступным днём пасьля юбілею адбылася прэзэнтацыя беларускага выданьня ейнае кнігі «У восем гадоў я была на вайне» — успамінаў, напісаных па-французску яшчэ каля двух дзесяцігоддзяў таму.
У імпрэзе, што падрыхтаваў Атаўскі аддзел Згуртаваньня беларусаў Канады, прынялі ўдзел блізу 60 асобаў, з іх – 14 даехалі з Таронта. У залі прысутнічалі дачка Івонкі Сурвілла Ганна і ўнучка Шарлота, што жывуць у Францыі. З Варшавы прыехаў вядомы журналіст Сяргей  Падсасонны.


У праграме імпрэзы былі – аповяд пра жыцьцёвы шлях Івонкі Сурвіллы са слайд-шоў у саправаджэньні музычнага дуэту ”Кантабіле” з Атавы, размова з юбілярам, якую правёў у мінулым супрацоўнік тэлеканалу БЕЛСАТ Сяргей Падсасонны, сьпевы гурта “Яваровы людзі”.


На пачатку прагучала гісторыя самой кнігі — пра яе французскі арыгінал, пераклад на беларускую мову і працу над выданьнем. Але, паступова цэнтрам увагі стала сама асоба сп. Івонкі — яе жыцьцёвы шлях, яе служэньне Беларусі. Гэтая тэма асабліва выразна прагучала ў віншаваньнях, якія паступілі з розных беларускіх інстытуцыяў сьвету. У лісьце ад Рады БНР, агучаным Алесем Катом, было падкрэсьлена, што дзейнасьць Івонкі Сурвілла — гэта «прыклад адказнасьці, прынцыповасьці і вернасьці гістарычнай місіі». Менавіта, дзякуючы такім асобам, адзначалася ў віншаваньні, у выгнаньні ўдалося «захаваць пераемнасьць дзяржаўнай традыцыі» і нязьменна нагадваць сьвету пра права беларусаў на сваю дзяржаўнасьць.


Іншы, вельмі важны штрых да партрэту юбіляркі прагучаў у віншаваньні ад Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае царква. Тут была адзначаная ня толькі грамадзкая, але і духоўная прысутнасьць Івонкі Сурвіла ў жыцьці беларускай дыяспары. Яе асабісты ўдзел у царкоўным жыцьці быў названы «прыкладам высокага духоўнага ўзроўню і шчырай пашаны да традыцыяў», які натхняў і ўмацоўваў вернікаў. Віталь Кошалеў, што зачытаў ліст ад БАПЦ, таксама прэзентаваў юбілярцы копію першае мапы БНР на беларускай мове, што была перавыдадзена летась у Польшчы.
Важны акцэнт прагучаў у віншаваньні ад Бібліятэкі і Музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Там Івонку Сурвіллу паклікалі чалавекам, дзякуючы якому Рада БНР стала «нацыянальным компасам і маральным узорам для беларусаў». Асабліва была падкрэсьлена яе культурная і духоўная спадчына — у тым ліку яе аўтарскія мастацкія працы, перададзеныя ў фонды Бібліятэкі.


Ірына Мартусевіч, што выканала місію агучыць ліст Скарынаўкі, таксама ўручыла Івонцы Сурвілла кнігу ”Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага ў 1928 годзе”, сказаўшы колькісь словаў аб працы калектыва Бібліятэкі па падрыхтоўцы выданьня і пра лёс самога Вацлава Ластоўскага.


Так, з розных галасоў — палітычнага, духоўнага і культурнага — паступова вымалёўваўся цэласны вобраз: асоба, якая аб’ядноўвае ў сабе вернасьць ідэалам, унутраную сілу і глыбокую адданасьць Беларусі.


Імпрэза працягнулася музычнаю часткаю. Выступіў гурт «Яваровыя людзі», а таксама прагучалі відэазапісы. Асаблівую атмасфэру стварыла жывое музычнае суправаджэньне слайд-шоў — дуэт Cantabile (скрыпка і гітара).


Гучалі віншаваньні кіраўніка Згуртаваньня Беларусаў Канады Аляксандры Логвін, Прэзідэнта БІНІМ у Канадзе доктара Пётры Мурзёнка, Таронтаўскага аддзелу ЗБК, відэазварот Сьвятланы Ціханоўскае, вершы Юрася Шамецькі з Атавы.


Сымбалічным стаў і падарунак ад Рады БНР — кніга Уладзіміра Арлова «Вялікае Княства Літоўскае», як знак гістарычнае пераемнасьці беларускае дзяржаўнасьці.
Пасьля завяршэньня праграмы да Старшыні Рады БНР выбудавалася чарга па аўтографы на ейнай кнізе. Людзі цярпліва чакалі, каб атрымаць некалькі словаў ад Івонкі Сурвіллы — чалавека, чый лёс і праца сталі часткай беларускае гісторыі.

Гэтая сустрэча ў Атаве стала жывым сьведчаньнем таго, што Беларусь працягвае жыць у сваіх людзях — у іх памяці, працы, веры, і пакуль ёсьць тыя, хто нясе яе ў сэрцы так, як гэта робіць Івонка Сурвілла.

Алесь Кот

Таронта

Цытата

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч