Сёлета сусьветны Дзень роднай мовы адзначаўся Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА)  1 сакавіка 2026  ў Нью-Ёрку на 401 Атлантык Авэню. У грамадзкай залі сабраліся беларусы з Нью-Ёрку і ваколіцаў.

Галоўная управа БАЗА і Нью-Ёрскі аддзел БАЗА падрыхтавалі  нетрадыцыйную праграму, якая прадугледжвала актыўны ўдзел у імпрэзе ўсіх прыстных – дарослых і дзяцей.

Алена Жывіца склала адмысловы  сцэнар, які спачатку агучылі яна сама і Сяргей Кудзеліч. А потым яны далучылі  прысутных да актыўнай спалупрацы, падрыхтавалі віктарыны, конкурсы, загадкі, супольныя сьпевы папулярных песьняў.  Далей вядоўцы прапанавалі ўсім жадаючым прачытаць свае любімыя вершы беларускіх літаратараў.  І жадаючых  аказалася нямала. Не будучы падрыхтаванымі зараней, яны цудоўна па памяці дэклямавалі тыя творы, якія запалі ім у сэрца і не забыліся нават на чужыне.  А Віталь Зайка нават прачытаў свой уласны верш пад назваю “Народ”.

Імпрэза пакінула прыемнае ўражаньне і нават зьдзіўленьне. Прысутныя аказаліся вельмі добра абазнанымі ў веданьні роднай мовы. У залі знаходзіліся пераважна прадстаўнікі новага пакаленьня эміграцыі, якое ў Беларусі вырасла пры Лукашэнку. Палітыка дыктатара скіравана на вынішчэньне беларускай мовы, культуры, нацыянальнай сьвядомасьці. Беларуская мова радыкальна абмежавана вывучаецца ў школе і ВНУ. Аднак, як выглядае, яна прарастае нават праз забарону, праз перасьлед і тэрор. Цяпер беларуская мова жыве і разьвіваецца пераважна на чужыне. У эміграцыі беларусы адчуваюць настальгію па родным і актыўна прыхіляюцца да свайго, бо назіраюць, як іншыя народы ў сьвеце захоўваюць свваю індэнтычнасьць. Тое, што робіцца  ў замежжы дзеля захаваньня і разьвіцьця беларускай мовы і культуры, будзе  надзейным падмуркам для іх хутчэйшага аднаўленьня ў пасьлядыктатарскі час, які, спадзяемся, неўзабаве надыдзе.

Ганна Сурмач

Папярэдні запіс

Нядаўнія Запісы

Цытата

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч