Паўлюк Задзірасты

Дзень нядзелька, вецер коле,
Бо стаіць крыху мароз.
Шэрань беліць навакольле,
Мерзнуць рукі, ногі, нос.
Сьвята памяці – “ДЗЯДЫ”.
Вось і йдуць усе туды

Выйшаў я з пад’езду дома –
Людзі-людзі, гоман-гоман!
Тут мяне за руку хваць:
“Ты куды, тваю птамаць!”
“Што за новыя парадкі?
На магілку я да таткі…”
А наўкол кукарды, каскі,
Падазроны ў наш век,
Дачакаесься тут ласкі…
Але, я яшчэ не зэк!
Гегемон я, рабацяга,
Не палітык, не стыляга.
Я ж на вашыя пракосы
Дваццаць год плачу ўзносы…
Я народжаны бяз Бога,
Хоць яшчэ не атэіст.
Да “ДЗЯДОЎ” хіба нябога
Выйсьць не можа камуніст?
Забарона – хрысьціянства,
А “ДЗЯДЫ” шчэ ад паганства.
Я – АКОД, я – брыгадміл…
“Ну, смотры, чтоб не чуділ!”

Адпусьцілі, дзякуй Богу,
Я за дом , ды на дарогу.
Ну а там шынельнай хеўры,
Прэ, нібыта, на манеўры.
Н і тралейбус , ні машына,
Ні мужчына, ні жанчына,
Ні стары, ні малады
Не патрапяць на “ДЗЯДЫ”.

Грудзі жудасьцю праймае,
Калі валіць сілы хмара
І вішчыць сірэна, грае:
Ах, ты сталінская мара!
Пруць калёны ў атаку.
На каго! Пабойся Бога!
На старога, на слабога,
Лясь па мордзе, бух пад сраку…
Гонар храпы расьпірае:
Мы тут сіла, мы тут ёсьць!
Сіла ёсьць, але дурная.
Служба ў смак – сабаку косьць.
Хто цкаваў вас на народ?
Хто пагнаў вас на магілы?
Хто камандуе ўпярод?
Што ж вы робіце, дурылы?
Шынялём сумленьне крыеш…
Як прачнешся, дык завыеш…
Не! Ідуць за радам рад!
Дысцыпліна і загад!

Круцяць Марачкіну рукі,
Мартыненку бьюць пад дых,
Плачуць Содалявы ўнукі…
Пашкадуйце хоць малых!
Вунь Казловіч рот разьзявіў…
Ну і што, што ты спецкор!
Рулю з газам – пшык наставіў
“На пісакаў робім мор”
Стальмашонка замялі…
Ён жа быў у іх у Крамлі…
“Замялі, каб больш не гаўкаў”,
Так сказаў вяльможны Саўка:
“Рэж нацменаў, як індыкаў.
Ды віжуй, дзе іхны Быкаў,
Потерял пісака стыд!
Кто в его роду был жід?
А вот этот Адамовіч,
Знаю точно – Арановіч!
Все масоны, сіяністы,
Переантікомуністы!
На што точыце лязо?
Всех берём, і всех в ШІЗО!
Вы не нацыя – мунтанты!”

Мы ў Вандэі эмігранты.
Бой з народам? Бой народу?
Каб, як быдла, стойла знаў!
Каб не пёрся на свабоду,
Як рабуюць, каб маўчаў!
І Дзяды – варожа сіла,
З таго сьвету бьюць ў звон.
Пад бульдозер бы магілы,
Альбо выкінуць іх вон.
Беларусь усю за краты!
Ацалеў – у Курапаты…

Эх, ці хто ў Менску ведаў,
Колькі кормім дармаедаў!
Пры пагонах, пісталетах,
Пры дубінках, пры жылетах,
Пры шчытах, з балёнам газу,
Як пламеты, як заразы.
Біць і біць. Альтэрнатывы
Не дапусьцяць дырэктывы.

Сто машын, пажарных куча,
Варанкі і вадамёты.
Тры гады “рубіцца” вучаць,
сёньня – практыка работы!
Будзе бой, ці трэніроўка?
Будзе ўсё, і дужа лоўка!
“Вы, сялянскія сыны,
Чаму кожны з вас дурны?
Проучіть я вас готов”.
“Дык ня рушце хоць Дзядоў!”
“Хто таков?”
Сьпее бойка, перапалка…
“Ідіоты, мне вас жалко…”
Сьпее бойка.
“Вот вам будет перестройка!”

Слухаць стаў, ды не далі,
Бо маторы зараўлі,
Ды, дальбог, як на вайне,
І ўсе едуць на мяне:
Душагубкі,
Вадамёты,
Варанкі
І кулямёты…

Дык за што нас будуць біць?
Куды дзецца, што рабіць?
Можа ўласьць перамянілі?
Можа фрыцы зноў у нас?
Можа сон дурны прысьнілі,
Што людзям пускаюць газ?

Мегафоны завываюць…
Акружаюць! Заганяюць!
Войска зьлева,
Войска справа…
Левай, левай!
Марш!
Аблава!
“Хто даў права?” –
То крычыць Хрыстос-Зянон,
Спадзяецца на закон.
Абразумілі адразу –
Пшык яму ў вочы газу.
Хочуць зьбіць, павалачы.
Кыш, з дарогі крумкачы!
Люд сьмялее, робіць кола,
Пасярэдзіне Зянон
Галавою круціць голай,
Шчэ жывы, здаецца ён.
Як кіно: псіхоз-атака.
Шчыт і шлем, аўчар-сабака.
Без разбору гвалцяць люд.
Дзе закон, савецкі суд?
Гнуць Купаву да зямлі.
Паднялі і панясьлі.
Асташонку па пячонках,
Аж павіснуў на сасонках.
Цягнуць нейкую дзяўчыну.
Кухталя і мне ў сьпіну.
Стаў, гляджу яму ў храпу:
Ці пасьмееш яшчэ біць?
Апусьціў мярзотнік лапу,
Проста Берыем глядзіць.
Хачу плюнуць, ды баюся,
Знаю сам, дзе апынуся.
Як прыходзіць такі кат –
Не паможа адвакат.
Прамінуў, пабег далей
З гумай-палкай на людзей.

Важны, мажны і вальяжны,
Рэспектабельны, як пан,
Сам Раеўскі лёс свой дражніць,
Кажа: “Брысь, а то як дам!”
От, маўчаў бы сабе ціха,
Альбо лесам уцякаў.
Пшык яму з балёну ліха –
На нагах не ўстаяў.
Газ у нас дык не японскі:
Чарамховы, чарамхоўскі.
Меўся быць на прусакоў.
Пшык Раеўскаму – гатоў!
Плач, як плакаў наш Купала –
Яму болеей перапала.
Стаў спектаклі пра Вандэю –
Не забьюць, дык зразумеюць…

А на самым на пагорку,
Быццам невадам з вады,
Цягнуць беднага Вячорку.
“А куды яго? Куды?”
“Чё , куды? Туды в реку:
Топім эту “Талаку”
І “Тутэйшых” помордуем,
Мы іх носом, сука, чуем!
Мне пріказ і я берусь
Всю очістіць Белорусь”
Ад каго, ад жыхароў?
Тут палкоўнік аж зароў:
“Чё? Любіць вас не прывык
За колхозный ваш язык”.
Але ж, сала любіш наша,
Бульбу прэш, ды без нітратаў!
“Я вам жізьню строю краше”.
Строй, ды толькі без салдатаў.
“Вы подполье сотворілі”.
“Дзе, пачуць я быў бы рад?”.
“Як вы нас перахрысьцілі?
Хрен, вам “Матріпатріхат”!
С намі сіла і парадак,
Наведём его где надо!
Брысь!
Заткнісь!
Рукі вверх. Сюда садісь!”

Вось якія тут падзеі
Робяць кормчыя Вандэі.
Наша Коза-Бела-Ностра
Атакуе вельмі востра.
Як прыціснуць, то здаецца,
Што галоснасьць гнецца, рвецца.
Што Масква не ўстаіць,
Што і туды паедуць біць,
Што канец перабудове…

Стоп, засраныя панове!
Трасцу ў бок, часы ня тыя,
Людзі болей не нямыя!

У адказ нясуцца маты:
Што нам тутка зімаваць?
Дык ідзем на Курапаты,
Будзем там мітынгаваць
Абагнаць!
Задрыжала, зараўло,
Задымела, напаўзло,
Замігала, засьвяціла.
Стыне кроў ажно ў жылах.

Людзі сталі на калені
На пакатым тым бугры:
“Плюнь на сталінскія цені,
Зянон-братка гавары!”

На ДЗЯДЫ” натоўпт зьбіраўся
І ніхто з іх напярод
Знаць ня знаў, не здагадаўся,
Што з “ДЗЯДОЎ” ідзе НАРОД.
І хацеў ён, не хацеў,
Але, сёньня зразумеў,
Дзе схавана сіла “класа”,
Што жарэ бясплатна мяса,
Што кіруе, як захоча,
Што на могілках рагоча,
Што культуру нішчыць, мову,
Што нас доіць, як карову,
Што давёў нас да жабрацтва.
Супраць нас законы піша –
Кыш! Пад венік, людзі-мышы!
Што ў газэтах брэх друкуюць,
На рабочых гоняць страх.
Бач, рабочыя працуюць,
Нефармалы – пры жыдах
За рабочы кошт жыруюць!
Проста жах!
Толькі крыкнуць шчэ ня сьмеюць:
“Бі жыдоў, ратуй Расею!”
Натравіць, цкаваць старацца,
Каб не сьніўся ім той фронт.
Даць пад хвост – пачнуць баяцца,
Ды яшчэ ўзяць на понт:
Нефармалы? Іх навалам!
Пры станку як вы былі,
Дык яны ўсё памалу
З магазінаў падмялі.
Рускіх выселяць, павяжуць,
Можа нават будуць біць…
Чыю душу мёдам мажуць?
Чый язык яшчэ сьвярбіць?
Дзе чыталі мы пра гэта!
Ах, чужая нібы слава.
Быў у іх такі паэта –
Падкалодны гад Цанава.
І сыны яго ў сіле –
Вунь стаіць якая раць!
Морды гэтак адкармілі,
Што за дзень не абасраць.

“Беларусь стабільны край” –
Для вандэйцаў проста рай.
Бо народ пакорны, чулы
Сталіністам даў прытулак.
Селі моцна на гарбе.
І на мне, і на табе.
Ды народам, як канём
У нябыт, у ноч кіруюць.
На “ДЗЯДЫ” хоць спамянём
Паіменна іх, хай чуюць!

Здымем, счысьцім, сплюнем гразь.
Злазь, брыда, з народа, злазь!

(Тэкст са зборніка “Вандэя навыварат”. Беларуская ананімная літаратура канца 20-га стагоддзя. Менск-Вільня, 1989. Бібліятэчка студэнцкае думкі)
Гэта беларускі Самвыдат.

Нядаўнія Запісы

Цытата

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч