16 лістапада 2025 году Беларуская грамадзкасьць Канады адзначыла ў Таронта 100-я ўгодкі з дня нараджэньня Кастуся Акулы — вядомага пісьменьніка беларускае эміграцыі, грамадзка-палітычнага дзеяча і вялікага патрыёта Беларусі. У гонар гэтага юбілею ў грамадзкай залі Беларускага цэнтру ў Таронта сабралася блізу 60 суродзічаў К. Акулы з розных куткоў правінцыяў Антарыё і Квэбэку. Гэта быў сапраўдны сьветлы сход беларусаў, якія і праз многія дзесяцігоддзі на чужыне не забываюцца пра сваю Бацькаўшчыну. Некаторыя з прыбыўшых ня бачыліся цягам 20 гадоў з таго часу, як калісьці разам бавілі вольны час у Беларускай хаце, што збудавана ў Краіне Кляновага Ліста.
Урачыстасьць пачалася з адкрыцьця Мэмарыяльнае дошкі ў гонар Кастуся Акулы, ўсталяванай на будынку Беларускага цэнтру. Першаярарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Архібіскуп Сьвятаслаў асьвяціў дошку і прамовіў пра высокую духоўную постаць юбіляра, што нёс Беларусь у сэрцы нават у самыя цяжкія гады выгнаньня. На стале, упрыгожаным Беларускімі рушнікамі, гарэла знічка, а кветкі, ускладзеныя прысутнымі, былі знакам удзячнасьці і памяці. Госьці атрымалі адмысловыя канадзкія паштоўкі, выпушчаныя да юбілею нашага славутага суродзіча.

Сьвяткаваньне працягнуліся ўрачыстаю Акадэміяй. Вядоўцамі былі Ірына Тоўсьцік — актывістка праваабарончае арганізацыі ”Вясна” паплечніца ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага й Старшыня Канадзкага сэктару Рады БНР Алесь Кот. Прэзэнтацыя выставы «Жыцьцё і шлях Кастуся Акулы» дала прысутным магчымасьць убачыць пісьменьніка ня толькі як творцу, але як чалавека вялікай маральнай трываласьці, які паўстагоддзя трымаў беларускі голас у Канадзе.
З вялікай цікавасьцю былі ўспрынятыя ўспаміны Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілла, Кіраўніка руху ”Вольная Беларусь” Зянона Пазьняка, пісьменьніка Ўладзіміра Арлова — людзей, якія асабіста ведалі Акулу і называлі яго сумленьнем беларускай эміграцыі. Таксама падзяліліся ўспамінамі пра Кастуся Акулу сын пісьменьніка Юрка Акула, прапаведнік эвангельскае веры Юрка Рапэцкі, Прэзыдэнт Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Канадзе паэт Юрась Шамецька. Кранальнымі былі аповеды тых, хто калісьці жыў у доме Акулы, калі, апынуўшыся на канадзкай зямлі без сродкаў, ня меў магчымасьці здымаць жыльлё. Будучы чалавекам вялікага сэрца, Кастусь Акула заўсёды дзяліўся тым, што меў.
Канцэрт мастацкай самадзейнасьці надаў сьвяту ўзьнёсласьць. Гучалі сьпевы гуртоў ”Яваравы Людзі” і ”Яваравы дзеці”, баляда пад акампанемэнт экзатычнае беларускае ліры. Цёпла і расчулена заля ўспрынял песьню «Зорачкі’ у выкананьні Ірыны Мартусевіч, якую янсьпявала ў гэтай жа залі 25 адоў таму для беларусаў паваеннае эміграцыі, сярод якіх быў і Кастусь Акула. У фінале Зьміцер Леановіч выканаў ваярскія сьпевы пад акампанемент пяці розных беларускіх інструмэнтаў — ад дуды да цымбалаў, што выклікала гучныя аплядысмэнты залi.
Урачыстая акадэмія высьвяціла постаць Кастуся Акулы з тых бакоў, якія нават канадзкім беларусам былі дагэтуль мала вядомыя. Праца з беларускімі архівамі ў бібліятэцы Скарыны ў Лёндане, Вялікая Брытанія, Цэнтру Беларускіх дасьледаваньняў у Канзас-Сіці, ЗША дала магчымасьць сабраць новыя матэрыялы і глыбей зразумець грамадзка-палітычную дзейнасьць і літаратурную спадчыну юбіляра. Постаць Кастуся Акулы паўстала перад прысутнымі як асоба, што натхняла пакаленьні на нацыянальную свядомасьць, на захаваньне гонару й годнасьці ў часы савецкага заняволеньня, на барацьбу за незалежную Беларусь.
Пасьля афіцыйнай часткі прысутных запрасілі на фуршэт. Гамонкі й сяброўскія перамовы за келіхам віна са смачнаю ежаю цягнуліся да шостае гадзіны вечара — як звычайна бывае там, дзе зьбіраюцца людзі, якіх лучыць ня толькі кроў і мова, але і любоў да супольнай Бацькаўшчыны. Гэтае сьвята стала ня проста ўшанаваньнем аднаго чалавека — яно стала нагадваньнем пра нас саміх. Мы — беларусы на чужыне, але кожны з нас можа і павінен зрабіць нешта для Беларусі: мацаваць Беларушчыну, навучаць сваіх дзяцей і ўнукаў беларускай мове, ствараць суполкі й культываваць сваю культуру, памятаць, хто мы, і перадаваць гэта іншым.
Усё, што мы назапашваем на чужыне — веды, досьвед, сілы — яшчэ вельмі спатрэбіцца Беларусі. І няхай прыклад Кастуся Акулы стане для нас прыкладам таго, як нават на выгнаньні магчыма трымацца свайго, любіць сваю Бацькаўшчыну і заставацца беларусамі — заўжды, усюды і нягледзячы ні на што.
У архіве доктара Янкі Запрудніка, ЗША, ёсьць унікальны зборнік-альбом з упісанымі ў яго запаветамі для моладзі ад беларускіх дзеячоў на эміграцыі. У ім 28-гадовы канадыйскі беларус Кастусь Акула 8 травеня 1953 г, запісаў наступнае:
”Шчасьлівы той, хто перамогшы штодзённыя цяжкасьці й злыбяду, аддае ўсе свае здольнасьці й сілы на будову незалежнасьці й дабрабыту свае нацыі, бо няма большага задавальненьня за тое, што прыносіць сьведамасьць выкананьня абавязку перад сваім народам і Бацькаўшчынай».
Алесь Кот
Таронта
