Ганна Сурмач
За савецкім часам нарадзілася такая адметная зьява, якая атрымала назву – Самвыдат. Найбольш інтэлектуальна разьвітыя, патрыятычныя групы грамадзтва намагаліся рознымі шляхамі аказваць супраціў дыктатарскаму савецкаму ладу. Гэты названы дысідэнцкім рух падспудна жыў у Савецкім саюзе і час ад часу выяўляўся даволі актыўна. Асабліва пад час хрушчоўскай адлігі ці гарбачоўскай перабудовы.
Пісаліся, ствараліся творы, публікацыі, розныя тэксы, якія выкрывалі заганы савецкага ладу, раскрывалі звычайным людзям рэальную сутнасьць камуністычнай ідэялёгіі і яе панаваньне ў савецкай імпэрыі. Каб яны маглі даходзіць да людзей, неабходна было іх друкаваць дзеля шырэйшага распаўсюду. Трэба было асвойвасць асновы друкарскай справы, здабываць патрэбную тэхніку, бо дзяржаўныя выдавецтвы і друкарні працавалі толькі на ўладу.
Самвыдат дзейнічаў ў падпольлі, бо існавала рэальная пагроза брутальнага перасьледу з боку дзяржаўнай машыны. Пра гэта больш дэтальна апавядаецца ў адной з новых кнігаў сп. Зянона Пазьняка “Самвыдат”. Гэта бадай што адзіная салідная кніга на сёньня пра тое, што Самвыдат быў і ў беларусаў. На той час усе навіны круціліся вакол імпэрскай сталіцы Масквы і таму да гэтага часу больш пісала пра расейскі Самвыдат.
У працяг кнігі сп. Пазьняка мы тут падаем і іншы прыклад беларускага Самвыдату. Нагодаю сталася знойдзеная ў бібліятэцы Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне сьціплая кніжачка, памераю з далонь пад назваю “Вандэя навыварат”. Выдадзена пад час гарбачоўскай перабудовы, якая абудзіла грамадзтва. Як вядома, у гэты рэфарматарскі час у Беларусі гэтая перабудова не віталася, не ажыцьцяўлялася і усялякім чынам гамавалася. Па той прычыне рэспубліку часам называлі Вандэя. Гэта назва французскай правінцыі, якая пад час Вялікай французскай рэвалюцыі не падтымала перамены і стала цэнтрам мяцяжа супроць рэспубліканскага ўраду. Другая частка назвы паходзіць ад вядомага ананімнага твора ў беларускай літаратуры першай паловы 19 ст. “Энэіда навыварат” – парадыйна-гумарыстычнай паэмы на сюжэт старарымскай паэмы “Энэіда” Вэргіліюса.
Кніжка мае падзагаловак, які вызначае тып выданьня: “Беларуская ананімная літаратура канца 20 ст.” Зьверху пазначаеццаа серыя: “Бібліятэчка студэнцкае думкі”, месца і дата выданьня: “Менск-Вільня 1989”. Самаробная кніжачка, 42 старонкі, надрукаваная ротапрынтам. На задняй вокладцы пазнамка: “Прачытаў? Перадай другому!”.
Прапануем вашай увазе дзьве паэмы, аўтарам якіх названы Паўлюк Задзірасты, выглядае, што псэўданім. Друкуем тут не толькі дзеля гісторыі. Калі будзеце чытаць тэксты, убычыце, што гэта і пра наш час, і пра сёньняшнія падзеі ў Беларусі, якая застаецца Вандэяю. Таму падаем іх з прычыны актуальнасьці.
Задумка аўтара першай паэмы “Як мяне адваджвалі ад “Талакі” была ў тым, каб паказаць свой асабісты шлях да нацыянальнага абуджэньня і тым самым заахвоціць іншых ўсьвядоміць сябе беларусамі, якія хочуць “людзьмі звацца”. Другі твор “Нарабілася бяды ў нядзельку на “Дзяды” – пра знакавую падзею ў сучаснай гісторыі Беларусі: “Дзяды” 30 кастрычніка 1988 году.
Удалося нам знайсьці і таго, хто быў укладальнікам кніжачкі. Шчыра прызнаўся ў гэтым дзейны сябра нашай беларускай грамады ў Нью-Ёрку сп. Гэнік Лойка. Вядомы мастак, скульптар, ён ёсьць аўтарам бюстаў Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага, устаноўленых перад будынкам Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага, а таксама аўтарам вядомай коннай статуі Тадэвуша Касьцюшкі ў Беларусі. Сп. Лойка разам з Анатолям Сысом прыдумалі назву выданьня і рыхтавалі яго да друку.
Але, на жаль, сп. Лойка не змог паведаміць сапраўдныя імёны аўтараў твораў. Па ягоных словах тэксты былі перададзеныя ў «Талаку», але так і засталіся ананімнымі.
Дадамо на заканчэньне, што ў кніжцы ёсьць яшчэ паэма аўтарства Вязьмака Лысагорскага “Сказ пра Саўку Паўлава і групу хуткага адпору”, дзе гаворыцца, як беларускія ўлады змагаліся з дысыдэнтамі і пра найбольш адыёзную асобу таго часу Савелія Паўлава, што працаваў у ідэалягічным аддзеле ЦК КПБ.
Цікава таксама чытаецца “Наказ народным дэпутатам” Вядзьмака Менскага і ягоныя пажаданьні, каб спраўдзіліся ў Беларусі ў новым 1989 годзе.
На апошняй старонцы пазначаны адрас Рэдакцыі:
Сталіца Беларусі, праспэкт Францішка Скарын, хата № 222, 3 паверх, Рэдакцыя Самвыдат