Раней мы ужо паведамлялі пра тое, што беларуская грамада ў Нью-Ёрку вырашыла агульнымі высілкамі зрабіць рамонт у грамадзкай залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне. Так пачалася беларуская традыцыйная талака ў “сталіцы сьвету”. Першы раз пасьпяхова адпрацавалі 1 жніўня, але было відавочна, што працы шмат і талаку чакае працяг. Давялося зьбірацца яшчэ  чатыры суботнія дні – 8 жніўня, 15 жніўня, 22 жніўня і заключны акорд – 29 жніўня.

Сябры БАЗА і парафіяне Сабору ахвотна прыходзілі, каб дружна папрацаваць дзеля агульнай справы. Нехта знайшоў час прыйсьці некалькі разоў, іншыя толькі адзін раз, але кожны прылучыўся да добрых вынікаў і абноўленая заля цешыць вока кожнаму госьцю. Тым больш важна, што неўзабаве чакаем шмат гасьцей, што возьмуць удзел у 36-й Сустрэчы беларусаў Пашночнай Амэрыкі.

Парафіяльная рада Сабору і Галоўная управа БАЗА выказваюць шчырую падзяку кожнаму, хто шчыраваў  пры рамонце з пэндлям у руках, з малатком, сьвярдзёлкам, ці дрылем, а таксама з венікамі і мапамі для мыцьця падлогі ды іншымі патрэбнымі прыладамі для сапраўдных майстроў. Усіх іх можна пабачыць на прыкладзеных тут фотах.

Персанальнай падзякі заслугоўваюць Сяргей Кудзеліч, Гэнік Лойка, Іван Лойка, Вадзім Альбут, Людміла Хомчанка, Алена Жывіца, Юля Буйко, Васіліса Хілько, Алена Крывецкая і Аляксандр Ярмоліч, Ксеня Барсукова, Валеры Хвашчынскі , Аляксандр і Вольга Акульчыкі, Сяргей Струнеўскі, Віталь Самсонаў, Ільля Мілюцін, Уладзімір Караткевіч, Віталь Карпейчык, Юля Буйко, Людміла Хоміч, Гецальд Аляксандр, Алег Дравіца,Тацьцяна Красоўская, Тацьцяна Траскоўская, Натальля Федарэнка, Ганна Сурмач. Трэба падзякаваць і сьвятару Сабору а. Івану, які таксама браў удзел у гэтай працы, ён інсталяваў новае абсталяваньне на царкоўнай кухні.

Асаблівая падзяка належыцца асноўным арганізатарам талакі – старшыні Парафіяльнай рады Сабору Аляксандру Хомчанку і старасту Сабору Ігару Вырвічу. Дарэчы, Парафіяльная рада сабрала ўсе патрэбныя фінансавыя сродкі на рамонт шляхам звароту да грамадзкасьці. Шмат хто з беларусаў адгукнуўся на просьбу і даслаў свае ахвяраваньні, ім усім належыцца самая шчырая падзяка за дапамогу. Практычна, гэтымі сродкамі былі аплачаны ўсе рамонтныя работы. Найперш, аплачваліся патрэбныя матэрыялы і начыньне, а сама  праца выконвалася на валанцёрскіх пачатках.

Ганна Сурмач

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч