Зварот удзельнікаў 36-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі адносна праблемы беларускай прысутнасьці ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы.

Мы, удзельнікі 36-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, зьвяртаемся да Беларусаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы, а таксама да міжнароднай супольнасьці з заклікам забясьпечыць права Беларускай нацыі быць прадстаўленай у сусьветнай інфармацыйнай прасторы ўласным голасам.

У сучасным сьвеце інфармацыйная прастора стала адным з галоўных вымярэньняў нацыянальнага сувэрэнітэту. Менавіта яна фармуе міжнароднае ўяўленьне пра дзяржавы і народы, уплывае на грамадзкую думку, навуковыя дасьледаваньні, адукацыю, дзяржаўную палітыку і новыя тэхналёгіі. Таму пытаньне прадстаўніцтва Беларусі ў гэтай прасторы выходзіць далёка за межы культуры ці асьветы. Яно непасрэдна датычыць абароны нацыянальных інтарэсаў, гістарычнай праўды і права Беларускай нацыісамастойна вызначаць уласную будучыню.

Сёньня значная частка інфармацыі пра Беларусь распаўсюджваецца праз крыніцы, якія адлюстроўваюць расейскую імпэрскую, савецкую або афіцыйную рэжымную інтэрпрэтацыю. У выніку скажаецца гісторыя Беларусі, прыніжаецца роля Беларускай мовы і культуры, размываецца нацыянальная памяць, а сама Беларусь усё часьцей успрымаецца як частка чужой палітычнай і культурнай прасторы.

Мы павінны таксама адзначыць, што ў міжнародным інфармацыйным дыскурсе праблемы Беларусі сёньня пераважна разглядаюцца выключна праз прызму палітычных правоў, выбарчых працэсаў або дэмакратычных свабодаў. Безумоўна, гэтыя каштоўнасьці маюць прынцыповае значэньне. Аднак, гэтага не дастаткова, без абароны Беларускай нацыі, яе мовы, культуры, гістарычнай памяці  сама Беларуская дзяржава страчвае сваю сутнасьць. Дзяржаўны сувэрэнітэт немагчыма надзейна захаваць без нацыянальнага сувэрэнітэту. Дзяржава, якая губляе ўласную мову, нацыянальную памяць і культурную самабытнасьць, робіцца ўразьлівай перад зьнешняй асыміляцыяй і паступова страчвае здольнасьць да самастойнага гістарычнага разьвіцьця.

У эпоху імклівага разьвіцьця штучнага інтэлекту праблема паўнавартаснай прысутнасьці ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы набывае асаблівую вастрыню. Пошукавыя сыстэмы, міжнародныя мэдыі, адукацыйныя рэсурсы і тэхналягічныя платформы выкарыстоўваюць перадусім інфармацыю, якая ўжо прысутнічае ў віртуальнай прасторы. Калі беларуская нацыянальная тэматыка прадстаўленая там недастаткова, або падмяняецца чужымі інтэрпрэтацыямі, адбываецца фармаваньне скажонага ўяўленьня сьвету пра Беларусь і Беларускую нацыю.

Мы ня можам адкладаць вырашэньне гэтай праблемы да часу будучых пазытыўных зьменаў у Беларусі. Інфармацыйная прастора будучыні ствараецца ўжо сёньня. Калі Беларусы самі не паклапоцяцца пра паўнавартасную прысутнасьць свайго нацыянальнага голасу, заўтра сьвет будзе пазнаваць Беларусь пераважна праз інтэрпрэтацыі тых, хто адмаўляе самастойнасьць Беларускай нацыі або імкнецца падпарадкаваць яе чужым дзяржаўным і культурным інтарэсам.

У гэтых умовах асаблівая адказнасьць ускладаецца на Беларускую дыяспару і ўсю сусьветную Беларускую супольнасьць. Свабода дзейнасьці, прафэсійныя веды, сучасныя тэхналёгіі, міжнародныя сувязі, навуковы патэнцыял, архівы і культурная спадчына ствараюць магчымасьці для сыстэмнай працы дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў міжнароднай інфармацыйнай прасторы.

Удзельнікі Сустрэчы лічаць неабходным:

— правесьці сыстэмны аналіз таго, як Беларусь і Беларуская нацыя прадстаўленыя ў міжнародных мэдыях, энцыкляпэдычных выданьнях, пошукавых сыстэмах, адукацыйных рэсурсах і прадуктах штучнага інтэлекту, з мэтай выяўленьня інфармацыйных прабелаў ці скажэньняў.

— садзейнічаць стварэньню аўтарытэтных і агульнадаступных інфармацыйных крыніцаў пра Беларусь, яе гісторыю, Беларускую мову, Беларускую культуру і Беларускую нацыю па-беларуску і на асноўных мовах міжнароднай камунікацыі;

— падтрымліваць сыстэмнае паляпшэньне прадстаўленьня Беларусі ў Вікіпэдыі, міжнародных энцыкляпэдычных праектах, навуковых, адукацыйных і даведачных рэсурсах;

— стварыць адзіны каталёг беларускіх архіваў, бібліятэк, музэйных і прыватных калекцыяў ў замежжы, арганізаваць аблічбаваньне найбольш каштоўных матэрыялаў і забясьпечыць прысутнасьць гэтай інфармацыі  віртуальнай інфармацыйнай прасторы.

— падтрымліваць незалежныя Беларускія мэдыі, навуковыя, культурныя і асьветныя асяродкі, якія працуюць дзеля захаваньня нацыянальнай памяці і распаўсюджваньня праўдзівай інфармацыі пра Беларусь;

— супрацьдзейнічаць дэзінфармацыі, прапагандзе, фальсыфікацыі гісторыі, прысваеньню Беларускай культуры, а таксама любым спробам адмаўляць самастойнасьць Беларускай нацыі і яе права на ўласны гістарычны шлях;

— садзейнічаць разьвіцьцю беларускіх лічбавых рэсурсаў, базаў ведаў і іншых тэхналягічных рашэньняў, неабходных для паўнавартаснай прысутнасьці Беларускай мовы і беларускага нацыянальнага зьместу ў эпоху штучнага інтэлекту.

Рэалізацыя гэтых задачаў патрабуе доўгатэрміновай каардынацыі і аб’яднаньня намаганьняў Беларускіх арганізацыяў, навуковых і культурных установаў, незалежных мэдыяў, архіваў, бібліятэк, гісторыкаў, мовазнаўцаў, спэцыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў, штучнага інтэлекту, а таксама прадстаўнікоў Беларускага бізнэсу ў дыяспары.

З гэтай мэтай мы прапануем абмеркаваць абазначаную праблему сярод беларускай грамадзкасьці ў замежжы  і ў якасьці першага кроку прапануем стварыць у беларускай дыяспары адмысловую працоўную групу, якая будзе каардынаваць працу па захаваньні і ўмацаваньні беларускай прысутнасьці ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы, рыхтаваць практычныя прапановы і садзейнічаць рэалізацыі супольных праектаў.

Першачарговымі задачамі гэтай групы павінны стаць аўдыт існых інфармацыйных, навуковых, культурных і архіўных рэсурсаў, вызначэньне найбольш важных патрэбаў і распрацоўка доўгатэрміновай праграмы дзеяньняў.

Мы лічым, што фінансаваньне такой дзейнасьці павінна ажыцьцяўляцца на аснове грантавых праграмаў, грамадзкіх ахвяраваньняў, дабрачынных фондаў і падтрымкі Беларускага бізнэсу, які падзяляе нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

Мы зьвяртаемся да Беларусаўна Бацькаўшчыне і ў замежжы, да Беларускіх арганізацыяў, навукоўцаў, журналістаў, прадпрымальнікаў, дзеячоў культуры, прадстаўнікоў адукацыі і ўсіх, хто адчувае адказнасьць за будучыню Беларусі, з заклікам далучыцца да гэтай супольнай працы.

Захаваньне Беларускай нацыі, яе мовы, культуры, гістарычнай памяці і нацыянальнага сувэрэнітэту немагчыма без паўнавартаснай прысутнасьці Беларусі ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы. Менавіта там ужо сёньня фармуецца ўяўленьне наступных пакаленьняў пра нашу гісторыю, нашу дзяржаву і нашае месца ў сьвеце.

Беларуская Нацыя павінна гаварыць у сьвеце ўласным голасам. Гэта не толькі права свабоднага народу, але і неабходная ўмова захаваньня дзяржаўнага і нацыянальнага сувэрэнітэту Беларусі.

Будучыня Беларусі пачынаецца з захаваньня яе нацыянальнай памяці, уласнага голасу і права самой распавядаць сьвету пра сябе.

Нью-Ёрк, 6 верасьня 2026 году

Папярэдні запіс

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч