Ад імя ўдзельнікаў 36-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі
Дарагія Беларусы, суродзічы на Бацькаўшчыне і на чужыне! Мы, удзельнікі 36-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, усьведамляючы сваю адказнасьць за нашу агульную Беларускую справу, зьвяртаемся да ўсіх вас з гэтым вызначальным заклікам. Сёньня гістарычныя абставіны склаліся так, што мільёны Беларусаў жывуць у розных краінах сьвету. Гэта не было нашым выбарам. Войны, імпэрскія акупацыі, палітычныя рэпрэсіі і новая хваля вымушанай эміграцыі раскідалі Беларусаў па ўсіх кантынэнтах. Але, дзе б мы ні жылі, мы застаёмся адной Беларускай нацыяй. Ніводная Беларуская супольнасьць на чужыне ніколі не можа стаць заменай Беларусі. Нашая Бацькаўшчына — у Беларусі. Менавіта дзеля Беларусі, яе дзяржаўнай незалежнасьці, свабоды і будучыні мусіць быць скіраваная дзейнасьць Беларусаў сьвету.
Сучасныя тэхналёгіі ўпершыню ў гісторыі дазваляюць нам пастаянна шырока супрацоўнічаць незалежна ад дзяржаўных межаў. Мы можам слухаць адзін аднаго, выпрацоўваць супольныя рашэньні, каардынаваць нацыянальныя ініцыятывы і дзейнічаць разам дзеля агульнага дабра Беларускай нацыі. Мы перакананыя, што якраз цяпер настаў час зрабіць першы крок да фармаваньня сапраўднай Сусьветнай Беларускай Супольнасьці. Такім крокам можа стаць заснаваньне абьяднаўчай структуры пад назваю Сусьветны Беларускі Кангрэс(СБК). Гэты прадстаўнічы і каардынуючы орган Сусьветнай Беларускай Супольнасьці, будзе пакліканы яднаць Беларускія арганізацыі і Беларусаў з розных краінаў, прадстаўляць Беларускую нацыю ў сьвеце, каардынаваць супольныя дзеяньні ў яе інтарэсах.
СБК не пераймае і не абмяжоўвае функцыі іншых беларускіх структураў у замежжы.
Мы заклікаем Беларускія арганізацыі, грамадзкія супольнасьці і ўсіх Беларусаў, якім дарагі лёс нашага народу і нашай Бацькаўшчны-Беларусі, далучыцца да гэтай працы, каб разам будаваць новую, больш адпаведную выклікам сучаснасьці, форму нацыянальнага адзінства, заснаваную на супрацоўніцтве, даверы, адказнасьці і ўзаемнай падтрымцы. Будучыня нашай Бацькаўшчыны і захаваньне беларускай нацыі ў сьвеце павінны быць у цэнтры нашых думак і нашай дзейнасьці. Усё, што мы робім па-за межамі Беларусі, павінна набліжаць час яе свабоды, умацоўваць Беларускую дзяржаву, Беларускую мову, Беларускую культуру і Беларускую нацыю.
Незалежная дэмакратычная Беларусь — наша мэта. Сусьветная Беларуская Супольнасьць — форма нацыянальнага адзінства Беларусаў ва ўсім сьвеце. Сусьветны Беларускі Кангрэс — наш інструмэнт. Няхай гэты крок стане пачаткам новага этапу яднаньня Беларусаў дзеля служэньня Беларусі, яе свабодзе, незалежнасьці і будучыні.
Жыве Беларусь!
Нью-Ёрк, 6 верасьня 2026