Мы, удзельнікі 36-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, пацьвярджаем сваю супольную адказнасьць за захаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, нацыянальнай самабытнасьці Беларускай нацыі, пераемнасьці Беларускай дзяржаўніцкай традыцыі і прадстаўніцтва нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў сьвеце.
Мы лічым, што ва ўмовах, калі мільёны Беларусаў пазбаўлены магчымасьці свабодна ўдзельнічаць у грамадзкім і палітычным жыцьці сваёй краіны, асаблівае значэньне набывае дзейнасьць Беларускай дыяспары, як неад’емнай часткі Беларускай нацыі і адным з галоўных носьбітаў беларускай нацыянальнай і дзяржаўніцкай традыцыі па-за межамі Бацькаўшчыны.
Удзельнікі Сустрэчы зыходзяць з таго, што дэмакратычныя перамены ў Беларусі непазьбежныя. Таму ўжо сёньня неабходна захоўваць і разьвіваць чалавечы, інтэлектуальны, прафэсійны і арганізацыйны патэнцыял Беларусаў на чужыне як адзін з найважнейшых нацыянальных рэсурсаў будучай дэмакратычнай Беларускай дзяржавы. Веды, прафэсійны досьвед і міжнародныя сувязі, набытыя Беларусаміў дэмакратычных краінах, павінны служыць аднаўленьню прававой дзяржаўнасьці, разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, Беларускай навукі, адукацыі, культуры, нацыянальнай эканомікі і мясцовага самакіраваньня.
Прыярытэтам дзейнасьці арганізаванай Беларускай супольнасьці ў замежжы застаецца таксама захаваньне ўласных дзеяздольных арганізацыяў і стварэньне новых беларускіх асяродкаў, узаемная падтрымка, каардынацыя супольных дзеяньняў і адказнасьць за агульную нацыянальную справу, каб забясьпечыць трывалую прысутнасьць Беларускай нацыі ў міжнароднай прасторы.
Беларускія арганізацыі ў розных краінах сьвету складаюць адзіную сусьветную Беларускую супольнасьць, незалежна ад месца свайго знаходжаньня.
Каардынацыя дзеяньняў, абмен досьведам, узаемная падтрымка і ўзгадненьне агульных ініцыятываў умацоўваюць нашы магчымасьці прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, адстойваць права Беларускага народу на свабоднае дзяржаўнае жыцьцё і ўмацоўваць аўтарытэт Беларусі ў дэмакратычным сьвеце.
Удзельнікі Сустрэчы лічаць неабходным:
— падтрымліваць устойлівыя грамадзкія, прафэсійныя, інфармацыйныя сувязі паміж Беларускімі арганізацыямі дыяспары дзеля абмену досьведам, узаемнай дапамогі і рэалізацыі супольных праектаў; распрацоўваць сучасныя формы каардынацыі і супрацоўніцтва
— падтрымліваць ініцыятывы, якія ўмацоўваюць прысутнасьць Беларусі ў міжнароднай акадэмічнай, культурнай, грамадзкай і інфармацыйнай прасторы;
— зьвярнуцца да Беларускай супольнасьці з прапановай разгледзець магчымасьць нарматыўнага напісаньня ў беларускай граматыцы назваў народаў і нацыяў з вялікай літары, як праявы павагі да нацыянальнай годнасьці кожнага народу. Такая практыка існуе ў заходніх краінах, у тым ліку ў ЗША і Канадзе. Лічым, што гэта ёсьць магчымым дзеля таго, што працэс унармаваньня беларускай мовы яшчэ не завершаны.
Традыцыю правядзеньня Сустрэчаў Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў 1952 годзе заклалі Беларусы з паваеннай хвалі эміграцыі, што апынуліся ў ЗШАі і Канадзе. На працягу больш як сямі дзесяцігодзьдзяў гэты форум застаецца найстарэйшай і бесперапыннай формай супрацоўніцтва Беларусаў на чужыне.
Працягласьць гэтай традыцыі пераканаўча сьведчыць пра жыцьцяздольнасьць мадэлі нацыянальнай самаарганізацыі. Заснаваная на добраахвотным супрацоўніцтве, адказнасьці і пераемнасьці пакаленьняў, яна захоўвае сваю актуальнасьць да сёньня і служыць прыкладам для іншых Беларускіх арганізацый. Наш абавязак Беларусаў ЗША і Канады надалей працягваць гэтую форму яднаньня і супольнай працы, па магчымасьці яе ўдасканальваць і пашыраць.
Сучасная Беларуская дыяспара валодае ўнікальным чалавечым патэнцыялам. Значная частка Беларусаў, якія апынуліся па-за межамі Бацькаўшчыны, мае высокі ўзровень адукацыі, прафэсійны досьвед, вопыт нацыянальнай палітычнай і грамадзкай дзейнасьці. Гэты патэнцыял павінені быць пасьпяхова скарыстаны дзеля лепшай будучыні Беларусі і захаваньня Беларускай прысутнасьці ў сьвеце.
Мы заклікаем Беларусаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы да салідарнасьці, узаемнай падтрымкі і адказнага супрацоўніцтва. Незалежна ад краіны пражываньня, усе мы нясем супольную адказнасьць за захаваньне Беларускай нацыі, дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і яе годнага месца сярод свабодных народаў сьвету.
Жыве Беларусь!
Нью-Ёрк, 6 верасьня 2026 году