Натальля Гардзіенка

24 кастрычніка на могілках Царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Іст-Брансьвіку (Нью-Джэрзі) быў пахаваны зьніклы амаль 50 гадоў таму пісьменьнік Мікола Цэлеш (1900—1976).

Сёлета ўвесну да дачкі пісьменьніка Кэрал Тыптан, якая жыве ў Флёрыдзе, зазванілі з паліцыі й паведамілі, што, магчыма, знайшлі ейнага бацьку, які сышоў з хаты й не вярнуўся ў далёкім 1976 годзе.

Пасьля аналізу ДНК асоба Міколы Цэлеша была пацьвержаная канчаткова. Паводле зьвестак паліцыі, цела было знойдзенае яшчэ ў 1991 годзе ў сажалцы на фарме ў мясцовасьці ў ваколіцах тагачаснага месца жыхарства пісьменьніка — гарадка Порт Джарвіс у штаце Нью-Ёрк. Цела знайшлі, калі чысьцілі сажалку. Пры Міколу Цэлешу быў кейс зь ягонымі рукапісамі, якія папсавала вада. А на самім кейсе ў надпісе захавалася апошняя літара ягонага прозьвішча “ш”. Тады ў 1991 годзе цела не змаглі ідэнтыфікаваць, яно захоўвалася ў адмысловым сховішчы больш за тры дзесяцігодзьдзі, пакуль сёлета асоба не была пацьверджаная.

Тым ня меней, застаецца нявысьветленым пытаньне, якім чынам Мікола Цэлеш апынуўся ў той сажалцы, бо машыны, на якой магчыма было туды дабрацца, ён ня меў.

Паводле сьведчаньняў дачкі, у той дзень, калі бацька зьнік, ён паехаў у  Нью-Ёрк. Кіроўца аўтобуса падцьвердзіў, што да гораду пісьменьнік даехаў. Аднак не было сьведкаў, ці ён адтуль вярнуўся. Менавіта таму ўсе пошук былі сканцэнтраваныя найперш на Нью-Ёрку. Кэрал штомесяц цягам колькіх гадоў прыязджала туды, каб перагледзець здымкі знойдзеных неапазнаных целаў, ці няма сярод іх бацькі.

У 1979 годзе дачка Міколы Цэлеша паехала ў БССР, каб паспрабаваць высьветліць, ці не вярнуўся пісьменьнік на радзіму, дзе засталіся семьі двух сыноў ад першага шлюбу. На савецкай мяжы яе саму дапытвалі спэцслужбы наконт лёсу бацькі, а яна пыталася ў адказ. Сьлядоў пісьменьніка ў Менску не знайшла. Затое па вяртаньні яе наведвалі агенты ФБР, якія таксама задавалі пытаньні наконт зьнікненьня бацькі.

Найбольш абмяркоўвалася вэрсыя, што Мікола Цэлеш быў пакараны за адмову вярнуцца ў БССР. Яшчэ за колькі гадоў да зьнікненьня да пісьменьніка наведваліся савецкія службоўцы, што намаўлялі ехаць на радзіму, было некалькі спатканьняў з даваенным сябрам Максімам Танкам, які таксама ўгаворваў перабірацца зноў у Менск. Апошняму Мікола Цэлеш нават уручыў ліст з апісаньнем тых умоваў, пры якіх ён згодны вярнуцца на радзіму (зьнішчэньне таталітарызму і ўплыву Расеі ў Беларусі й г.д.). Ці сапраўды савецкія спэцслужбы зьнішчылі беларускага пісьменьніка, сёньня адказу так і няма. Прысутныя на пахаваньні дэтэктывы пацьвердзілі, што справа застаецца адкрытаю й сьледзтва працягваецца. Нават нягледзячы на тое, што прайшло амаль паўстагодзьдзя.

Што б ні здарылася тады ў 1976-м, цяпер цела пісьменьніка спачывае сярод тых, хто ведаў яго пры жыцьці, побач з магіламі Вітаўта й Зоры Кіпеляў, Янкі Запрудніка, Антона Адамовіча, Антося Галіны й іншых. А на пахаваньні дачка й прадстаўнікі беларускай грамады дзякавалі дэтэктывам, якія былі прысутныя, за іх працу й згадвалі самога Міколу Цэлеша й ягоныя кнігі, у тым ліку апошні збор твораў “Хмары над Бацькаўшчынай”, выдадзены пасьмяротна Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва яшчэ ў 1995 годзе.

Спачывай у супакоі, пісьменьнік…

Дадатак да артыкула:

Пасьля паховінаў Галоўная управа Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня

накіравала ліст са шчырай падзякаю тым дзяржаўным структурам, якія займаліся  справаю Целеша. Там гаварылася:

“Мы вельмі ўдзячныя амэрыканскім уладам і амэрыканскаму грамадзтву за такое паважлівае, руплівае стаўленьне да лёсу чалавечай асобы, да яе памяці, да пачуцьцяў родных і блізкіх, якія так шмат гадоў не ведалі, што сталася з дарагім ім чалавекам.

Напэўна, што ўся гэтая праца па індэтыфікацыі парэшткаў патрабавала шмат часу і выдаткаў. Мы схіляем галовы перад тымі, хто пасьпяхова  зрабіў гэта.

Але, гэтая праца не была марнаю. Вы вярнулі імя і памяць пра нашага вядомага беларуса і амэрыканскага грамадзяніна, які знайшоў у ЗША сваю другую радзіму, што з павагаю паставілася да яго пры жыцьці і да ягонай  памяці пасьля ягонай трагічнай сьмерці.

God bless America!

Нядаўнія Запісы

Цытата

“Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засьціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..”

~ Ніл Гілевіч