5-8 верасьня 2026 у Нью-Ёрку праходзіла чарговая Сустрэча канадыйскіх і амэрыканскіх беларусаў. Традыцыя форумаў была закладзена яшчэ ў 1952 годзе паваеннай эміграцыяй. Першы раз нашыя суродзічы сустрэліся таксама напачатку верасьня на беразе Ніягарскага вадаспада, які падзяляе і абьядноўвае Амэрыку і Канаду. Менавіта ў гэты час у абедзьвух краінах адзначаецца традыцыйнае сьвята – Labor Day і грамадзяне маюць тры вольныя дні для адпачынку і сустрэчаў з блізкімі і сябрамі.
Ініцыятарамі і арганізатарамі Сустрэчаў беларусаў Паўночнай Амэрыкі былі і зьяўляюцца да гэтага часу Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) і Згуртаваньне беларусаў Канады (ЗБК). Перыядычнасьць форумаў – раз на два гады, па чарзе ў ЗША і Канадзе.
Сёлета гэта была ўжо 36-я Сустрэча і праходзіла яна ў Нью-Ёрку, а мінулая адбывалася ў Таронта. Амэрыканскія беларусы сустракалі гасьцей ў будынку Сабору Сьв.Кірылы Тураўскага (БАПЦ) ў Брукліне на 401 Атлантык Авэню, які ёсьць Беларускім цэнтрам у “сталіцы сьвету”.
Удзел у Сустрэчы бралі прадстаўнікі беларускіх структураў з Канады (Таронта, Атава), ЗША (Нью-Ёрк, Вашынгтон, Чыкага, Пенсільванія, Лос Анджэлес, Фларыда, Міннесота, Паўднёвай Караліны, Вірджынія, Нью Джэрзі). Таксама прыехаў з Лёндану прадстаўнік Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі сп. Мікола Пачкаеў і сп. Ілона Карпюк з Польшчы (Беласток).
Урачыстае адкрыцьцё Сустрэчы распачалося агульным сьпевам гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
На пасьпяховую працу ўдзельнікаў Сустрэчы дабраславіў а. Іван -сьвятар Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага, дзе праходзіла мерапрыеміства.
Уступнае слова прамаўляла сп. Натальля Федарэнка – старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, якое сёлета прымала гасьцей. З уступным словам ад Згуртаваньня беларусаў Канады – суарганізатара Сустрэчы выступіла старшыня ЗБК сп. Аляксандра Логвін.
Прысутных таксама вітаў сп. Аляксандр Хомчанка – старшыня Парафіяльнай рады Сабору, Рада зрабіла ўсё неабходнае, каб госьці пачуваліся тут найбольш камфортна.
Ганаровым госьцем Сустрэчы была Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі сп. Івонка Сурвілла, яна выступіла з прывітальным словам. Пасьля гэтага сп. Аляксандр Хомчанка ўзяў слова і нагадаў прысутным, што ў красавіку сёлета сп. Івонка адзначыла слаўны юбілей – 90 гадоў ад дня нараджэньня, яе юбілейны год яшчэ працягваецца і таму ад імя прысутных павіншаваў сп. Івонку і падараваў ёй букет прыгожых бел-чырвона-белых ружаў.
Ад нашых суродзічаў на эўрапейскім кантынэнце вітаў прысутных старшыня Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі сп. Мікола Пачкаеў.
На жаль, не мог быць прысутным непасрэдна ў залі Уладыка Сьвятаслаў, кіраўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, да якой належыць Сабор Сьв. Кірылы Тураўскага. Ён знаходзіўся ва Украіне і даслаў свой відэа-зварот, які дэманстраваўся на экранах.
Пісьмовы зварот да ўдзельнікаў Сустрэчы быў атрыманы ад сп. Зянона Пазьняка – сёньняшняга лідэра Руху “Вольная Беларусь” з Варшавы. Тэкст зачытаў ягоны паплечнік у змаганьні за незалежнасьць Беларусі, дэпутат Сэсіі незалежнасьці і былы намесьнік старшыні БНФ сп. Юры Беленькі, які прыехаў з Міннеапаліса.
На экранах таксама можна было пабачыць відэа-зварот ад сп. Паўла Севярынца з Вільні.
Відэа-зварот ад беларускага Палка імя Каліноўскага, які ваюе зараз ва Украіне, дэманстраваў на экранах прысутны ў залі былы кіраўнік Палка сп. Павал Шурмей, ён адмыслова прыехаў з Паўднёвай Караліны, дзе цяпер жыве. Сп. Павал таксама дадаў свае эмацыянальныя словы прывітаньня і выказаў надзею, наша агульнае змаганьне за вольную Беларусь скончыцца перамогаю над дыктатарскім рэжымам.
Так супала, што некалькі дзён перад тым Павал адзначыў свой 50-ці гадовы юбілей і яго таксама адмыслова павіншавалі з гэтыя асабістым сьвятам. Прыгожыя бел-чырвоныя ружы юбіляру ўручыла сп. Людміла Хомчанка, украінка, актыўная ўдзельніца беларускага жыцьця ў Нью-Ёрку разам з яе мужам Аляксандрам Хомчанкам. Яна шмат робіць дзеля арганізацыі дапамогі сваёй краіне ў гэты цяжкі час і зусім нядаўна вярнулася з Кіева.
Прывітаў удзельнікаў Сустрэчы і сп. Віталь Зайка, старшыня Згуртаваньня беларусаў Амэрыкі “Пагоня” з Нью-Ёрку.
Пасьля дзеі ўрачыстага адкрыцьця прысутныя мелі невялікі перапынак і далей распачалі працу па рэалізацыі праграмы і абмеркаваньня асноўнай тэмы Сустрэчы.
Асноўная тэма Сустрэчы была абраная з улікам актуальнай сытуацыі, у якой сёньня знаходзіцца наша Бацькаўшчына і беларуская дыяспара: “Беларуская дыяспара Паўночнай Амэрыкі перад выклікамі сучаснасьці: нацыянальная салідарнасьць, супольнае дзеяньне і адказнасьць за будучыню Беларусі”.
Абмеркаваньне асноўных пазыцый тэмы распачалося на агульным Пленарным паседжаньні і на дыскусіі пасьля яго. Тэма Пленарнага паседжаньня была канкрэтызавана і зьвязана непасрэдна з жыцьцём беларускай дыяспары ў ЗША і Канадзе – “Сучасны стан і перспектывы захаваньня арганізаванай беларускай прысутнасьці ў Паўночнай Амэрыцы”.
Напачатку з інфармацыйнымі паведамленьнямі пра сваю дзейнасьці выступілі кіраўнікі арганізатараў Сустрэчы – сп. Аляксандра Логвін, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады і сп. Натальля Федарэнка, старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
Далей прамаўлялі прадстаўнікі беларускіх структураў , якія распавядалі пра свае арганізацыі і іх дзейнасьць, выказвалі прапановы, дзяліліся меркаваньнямі і поглядамі на нашы беларускія праблемы ў дыяспары:
- Сп. Жанна Чарняўская, старшыня суполкі „Беларусы ў Чыкага”, прадстаўнік Беларускага Альянсу ЗША, кіраўнік праекту Belarus Freedom Forum – арганізацыі беларуска-амерыканцаў, якая працуе над тым, каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя зьмены.
- Сп.Юля Буйко старшыня Аддзела БАЗА ў Паўднёвай Фларыдзе і
- Сп. Паліна Прысмакова, сакратар Аддзела БАЗА ў Паўднёвай Фларыдзе і сакратар Рады БНР
- Сп. Тацьцяна Макаед, старшыня Аддзела БАЗА ў Лос-Анджелесе і прадстаўніца Беларускага Альянсу ЗША
- Сп. Саша Шырокава, прадстаўніца беларускай супольнасьці Поўночнай Караліны і прадстаўніца Беларускага Альянсу ЗША
- Сп. Яўген Ждановіч, заснавальнік ініцыятывы ByAction, якая дапамагае ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі
- Сп. Павал Сакурэц, прадстаўнік беларускай супольнасьці Міннесоты і заснавальнік Беларускага Дома ў Міннеапалісе
- Сп. Віталь Зайка, старшыня Згуртавання беларусаў Амерыкі “Пагоня”
- Сп. Алесь Кот, прадстаўнік канадзкай дыяспары, Радны БНР
- Сп. Ілона Карпюк, намесьніца Беларускага культурнага цэнтра ў Беластоку (Польшча)
- Сп. Алеся Сёмуха, сябра Аддзела БАЗА ў Вашынгтоне, Радная БНР
- Сп.Натальля Гардзіенка, дасьледчыца гісторыі беларскай дыяспары ў ЗША , сябра Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (БІНіМ), прамаўляла пра дзейнасьць БІНіМ
- Сп. Зьміцер Левіт, актывіст беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку
- Ад Рэдакцыі газэты “Беларус” – сп. Ганна Сурмач, адказны рэдактар, намесьнік рэдактара і адміністратар сайта газэты сп. Яўген Папко.
Цягам усяго першага дня Сустрэчы праграму мадэравалі прадстаўнікі Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА – старшыня Управы сп. Сяргей Кудзеліч і сябра Управы сп. Алена Жывіца. Тэхнічнае суправаджэньне і паказ на экранах забясьпечваў сп. Вадзім Албут.
Другі дзень Сустрэчы прыпаў на нядзелю і па гэтай прычыне пачаўся ён з Багаслужбы ў Саборы – традыцыйнай нядзельнай літургіі, на другім паверсе будынку. Літургію служылі сьвятар Сабору а. Іван з удзелам а. Зіновія, які адмыслова прыехаў на сьвята з беларускай царквы ў Гайленд Парку ў Нью Джэрзі, якая таксама належыць да БАПЦ.
Пасьля закнчэньня літургіі ў залю Сабору былі ўрачыста ўненсены тры сьцягі: бел-чырвона- белы беларускі, канадыйскі і амэрыканскі. Пад іх сымбалічным покрывам прайшла адмысловая Малітва за Беларусь і беларускі народ.
Далей сьвята працягвалася ў грамадзкай залі.
Другі дзень у адпаведнасьці з тэмаю Сустрэчы быў прысьвечаны праблемам узаемадзеяньня з беларускімі структурамі ў сусьветнай прасторы дзеля вырашэньня агульных нацыянальных праблемаў і задачаў і вызначэньню ролі ў гэтай справе беларускай дыяспары ў сьвеце. Арганізатары Сустрэчы у такім кантэксце прадугледзелі паседжаньні двух тэматычных Круглых сталоў пад агульнай тэмаю – “Беларуская дыяспара Паўночнай Амэрыкі ў супрацы з беларускай дыяспараю ў сьвеце”
На першым Круглым стале, дзе вядучымі былі сп. Алесь Кот і сп. Алеся Сёмуха, удзельнікі засяродзіліся на абмеркаваньні формаў супрацоўніцтва сярод беларускіх арганізацыяў у замежжы.
На другім Круглым стале, дзе вядучымі былі сп. Віталь Кошаляў і сп. Тацьцяна Заміроўская, гаварылася пра адзін канкрэтны накірунак супрацоўніцтва, які зараз набывае надзвычайную значнасьць. Гэта праблема беларускай прысутнасьці ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы ў сувязі з новымі інфармацыйнымі тэхналёгіямі.
У выніку абмеркаваньня на агульным Пленарным паседжаньні і на паседжаньнях двух Круглых сталоў на заключнае паседжаньне былі прадстаўлены праекты выніковых дакумэнтаў для абмеркаваньня ўдзельнікамі Сустрэчы.
Заключнае паседжаньне адбылося напрыканцы другога дня. Вядучыя Пленарных паседжаньняў і Круглых сталоў выступілі з падсумаваньнем вынікаў працы і прапанавалі праекты выніковых дакумэнтаў па іх тэмах. Усяго было абмеркавана і прынята тры выніковыя дакумэнты:
- Рэзалюцыя ўдзельнікаў 36-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі
- Зварот – заклік ад імя ўдзельнікаў 36-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі
- “Беларусь павінна гаварыць у сьвеце ўласным голасам” Зварот удзельнікаў 36-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі адносна праблемы беларускай прысутнасьці ў сусьветнай інфармацыйнай прасторы.
Тэкст Рэзалюцыі тычыцца пераважна дзейнасьці беларусаў Канады і ЗША. Але, там ёсьць адна прынцыповая прапанова, яая тычыцца усіх беларусаў. У Рэзалюцыіі прапануецца ў беларускай граматыцы перайсьці да напісаньня назваў нацый і народаў з вялікай літары, як гэта прынята ў заходнім сьвеце. Так і мы павінны былі б пісаць слова Беларус – з вялікай літары.
Асабліва актыўную дыскусію выклікаў тэкст Зварота-закліка, дзе выкладзена прапанова аб стварэньні Сусветнага Беларускага Кангрэса (СБК) – грамадзкай структуры дзеля каардынацыі дзейнасьці сярод беларускай дыяспары і дзеля прадстаўленьня беларускай нацыі ў сьвеце. Гэтая прапанова была выказаная яшчэ на папярэдняй 35-й Сустрэчы ў Таронта ад імя Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
Пасьля таго кіраўніцтва БАЗА больш дэталёва распрацавала зьмест прапановы і ўнесла яе на абмеркаваньне пад час паседжаньня другога Круглага стала. Сёньняшняя сытуацыя ў беларускім замежжы выразна паказвае, што насьпеў час больш цеснай і прадуктыўнай сумеснай працы.
Актуальныя праблемы прадстаўніцтва беларускай нацыі ў сусьветнай віртуальнай інфармацыйнай прасторы былі абмеркаваны на другім Круглым стале і ў выніку быў падрыхтаваны Зварот пад назваю “Беларусь павінна гаварыць у інфармацыйнай прасторы сваім голасам”. Удзельнікі гэтага паседжаньня стварылі працоўную групу, якая будзе займацца некаторымі з тых праблемаў, якія абазначаныя ў Звароце.
Усе гэтыя тры дакумэнты, якія тут прыкладаюцца, адрасаваныя не толькі беларусам ЗША і Канады, але і ўсёй беларускай эміграцыі ў замежжы. Удзельнікі Сустрэчы спадзяюцца, што ўзьнятыя ў гэтых дакумэнтах праблемы зацікавяць нашых суродзічаў у розных краінах і мы абьяднаем нашыя высілкі дзеля іх вырашэньня, каб захаваць беларускую прысутнасьць ў вольным сьвеце і адбудаваць нашу Бацькаўшчыну-Беларусь, як незалежную і дэмакратычную дзяржаву.
Пасьля прыняцьця выніковых дакумэнтаў адбылося афіцыйнае закрыцьцё 36-й Сустрэчы з выкананьне гімна “Пагоня”. Далей старшыня БАЗА сп. Натальля Федарэнка перадала эстафету правядзеньня наступнай 37-й Сустрэчы канадыйскаму боку.
Трэба адзначыць, што ўдзельнікі Сустрэчы не толькі актыўна і плённа працавалі, але і мелі магчымасьць для прыемнага адпачынку. Пад час перапынкаў, сумесных абедаў і вячэраў госьці маглі па-сяброўску камунікаваць між сабою, завязваць новыя знаёмствы дзеля далейшага супрацоўніцтва.
Арганізатары прапанавалі таксама і культурную праграму, якая вельмі ўпрыгожыла і ажывіла ўсю атмасфэру Сустрэчы.
Напрыканцы першага дня прысутныя віталі знакамітае сямейнае трыа Казакоў – Валянціны Пархоменка, Алеся Казака і іх дачкі Вольгі. Як заўсёды, яны на высокім мастацкім ўзроўні прадстаўлялі класічнае народнае мастацтва і творы вядомых беларускіх кампазытараў. Галоўнае ўражаньне ў мяне асабіста ад іх выступу – вельмі сумная думка пра тое, як шмат страціла наша Бацькаўшчына, калі такія таленавітыя людзі мусілі пакінуць сваю краіну і нават сёньня не могуць наведаць яе, каб там рэалізаваць свой талент, паказаць свае новыя творчыя набыткі. Там цяпер у пашане адна папса, а сапараўдная культура у загоне. Але, мастакі стварылі ў залі аптымістычную і нават вясёлую атмасфэру. Амаль ніхто з прысутных не змог устрымацца, каб не пайсьці ў скокі пад іх захапляльную музыку і танчыць у агульным карагодзе.
Вечарам другога дня госьці маглі паслухаць ужо клясычную музыку. Да нас завітаў вядомы беларускі музыка сп. Аляксей Аўтуховіч. Скрыпка ажывала ў руках таленавітага музыкі і са сцэны гучалі знакамітыя класічныя творы “Венгерскі танец” Брамса, паланэз Агінскага “Разьвітаньне з Радзімаю” ,”Карпацкая рапсодыя” украінскага кампазытара Міраслава Скорыка інш. Акампаніяваў Аляксею на піяніна ягоны сябра па творчасьці Андрэй Будзінскі. Сп. Аляксей на прыгожай беларускай мове распавёў нам пра тое, як склаўся ягоны творчы лёс на эміграцыі. Ён таксама вымушаны быў пакінуць Радзіму і зараз жыве ў Нью Джэрзі. Напачатку зарабляў на жыцьцё рознымі шляхамі, але нарэшце яму удалося наладзіць і творчае жыцьцё, зараз ён мае тут ужо сваю прафэсійную карьеру. Мы зразумелі адкуль карані ягонага таленту пасьля таго, як сп. Аляксей паведаміў, што ён паходзіць з сямьі музыкаў, ён стаў ужо сёмым музыкам у пакаленьнях гэтай сямьі. А таксама ён прыходзіцца родным братам вядомаму беларускаму камазытару Зьміцеру Аўтуховічу, які цяпер таксама жыве ў Амэрыцы.
І тут у мяне зьявілася тая самая сумная думка, што як шмат страціла беларуская культура з адыходам з краіны такога таленавітага музыкі. Вельмі шкада. А для нас гэта было прыемнае знаёмства з яшчэ адным беларускім творцам-патрыётам і мы прапанавалі яму працягнуць нашае супрацоўніцтва.
Залю, у якой адбывалася Сустрэча упрыгожвалі вітрыны і стэнды з выставамі з беларускага жыцьця ў Амэрыцы. Вядомая дасьледчыца гісторыі беларускай эміграцыі сп. Натальля Гардзіенка падрыхтавала адмысловую выставу да сёлетняга 100-гадовага юбілею сп. Янкі Запрудніка, аднаго з найбольш вядомых дзеячаў паваеннай эміграцыі не толькі ў Амэрыцы, але і ў сьвеце.
Сп. Натальля таксама падрыхтавала зьмястоўнае відэа пра жыцьцё эміграцыі, якое дэманстравалася ў залі на экранах.
Цікавай для прысутных была і прэзентацыя кнігі сп. Паліны Прысмаковай, прафэсаркі катэдры дзяржаўнага кіраваньня Фларыдзкага Атлянтычнага унівэрсітэта, сакратаркі Рады БНР, актыўнай арганізатаркі беларускага жыцьця ў Фларыдзе. Кніга пад назваю “Асновы дзяржаўнага кіраваньня:стварэньне навыкаў і інстытутаў” напісана дзела таго, каб дапамагчы беларускай грамадзкасьці пазнаёміцца з асновамі і вопытам будаўніцтва дэмакратычнага дзяржаўнага ладу ў новай Беларусі.
Вельмі важна, што ўдзельнікі Сустрэчы не забыліся пра свой галоўны абавязак – падтрымліваць усіх тых, хто сёньня змагаецца за вольную Беларусь са зброяю ў руках. Цягам мерапрыемстваў быў арганізаваны збор грошай дзеля патрэбаў Палка імя Каліноўская. Была сабраная важкая сума і перададзеная прадстаўніку Палка.
Заключным актам сталася сумеснае фота ўдзельнікаў каля будынку Сабору. Пасьля гэтага яны мелі магчымасьць размаўляць з сябрамі пад час вячэры і разам паслухаць канцэрт. Нават пасьля канцэрту людзі яшчэ не сьпяшаліся разыходзіцца, бо наступная Сустрэча будзе толькі праз два гады і не з ўсімі давядзецца пабачыцца да гэтага.

Такога ўзроўню мерапрыемства, як сёлетняе, патрабавала шмат увагі і высілкаў ад арганізатараў. Але, мы адчувалі, што яны не былі дарэмнымі, бо вынікі Сустрэчы прынесьлі новыя здабыткі і абазначылі далейшыя мэты і перспектывы, над якімі трэба далей працаваць разам.
Ганна Сурмач
Яўген Папко
