Паўлюк Задзірасты
Я спакойны, я жанаты,
Невысокі, сьлепаваты.
Быз заўжды інтэлегентам
А тут робяць дысыдэнтам…
Я ў галоснасьць быў паверыў,
40 год нямком я жыў.
Лёс свой толькі службаў мераў
І нібы свабодны быў.
——————————-
А бяда мая -дажыўся,
Як зачэпіш, дык баліць:
У дзяцінстве не вучыўся
Па-расейску гаварыць.
Каб вазіў я гной на ферме,
То не муляляа б бяда,
Там не ловяць, дзе хто перне
І не цягнуць да суда.
Але ж вывучыўся, ліха…
У сталіцы жыць пачаў,
І ня ўседзіш, браце, ціха,
Бо акцэнт мой выдаваў.
Трыццаць год мяне дражнілі
То за “трапку” то за “бруха”
І ад рогату аж вылі:
“Во “ калхознік”, во “псяюха”.
Я акцэнт таптаў, як мог
Я пачаў быў заікацца –
Моўны так араў мурог,
Каб да іх прыбудавацца.
“Трапку” з “брухам”, “чурку “ тожа
Неяк вывучыў, мой Божа.
Стаў вучыць другія мовы-
Малады быў і здаровы.
І цяпер па-беларуску,
Каб што правільна сказаць,
Я падумаю па-руску
Ды пачну перакладаць.
Я падумаю па-польску,
Па украінску магу,
Па-нямецку, па-літоўску.
Свой акцэнт не берагу.
——————————————
Час ішоў.
Застой стаяў.
Я з іх слоў перакладаў.
Пастарэў, парвалі зубы,
Збудавалі ў роце мост.
І акцэнт на маю згубу
Аднавіўся на ўвесь рот.
Зноў рагочуць з вымаўленьня,
Пасылаюцьу калгас.
Перажыткам пакаленьня н
Нараклі каторы раз.
Спрабаваў пад іншаземца
Маскавацца, колькі мог.
Пад казахскага хоць немца,
Хоць пад чорта, каб бяз рог.
———————————————
Дзе ж мне з кім пагаварыць,
Каб бяз сьмеху і бяз зьдзеку?
“Талака” чую шуміць.
Яе выбраў замест лекаў.
Хлопцы мкнуць на Курапаты.
Я за імі… От псямаць!
Я спакойны, я жанаты
Дык за што мне штраф даваць?
Нёс я Бэрыі – падонка
На калу ў пенснэ партрэт.
Ззаду дзеці йшлі і жонка –
Цэлы мой аўтарытэт.
А назаўтра, як укус:
Бух мне позвачку ў МУС!
“Мітынг ваш быў без дазволу
І без санкцый чынароў…”
“Але ж я не плёў крамолу…”
“Штраф плаці і будзь здароў”.
Сеў я дома і сяджу
Жонцы ў вочы не гляджу
“Дзе паўсотні ты падзеў?
Мо згбіў, прапіў, праеў?”
“Новы век, – кажу – харошы:
Не ўсё мерыцца на грошы.
Я й цябе завалаку,
Каб пачула “Талаку”
——————————————
Зноў хадзіў я на іх сходы,
Слухаў мову, быццам сьпеў.
Чуў, што выйшаў я з народа.
Што загнаць хацелі ў хлеў,
Што дурным наш род рабілі,
Што па турмах нас гнаілі,
Што культуру разграблі –
Па Сібіры разьвязьлі,
Каму у рукі лом-лапату,
Разумнейшым – Курапаты,
Што раней мы гонар мелі,
Што пабілі мы татар,
А каб душы не чарсьцьвелі,
Быў у нас першадрукар.
Што сярод славян ці немцаў
Мелі мы аўтарытэт.
Не пускалі далей сенцаў,
Калі збройны лез валет.
Што ня мы ў эмігранты –
Эмігрантамі да нас!
Што акторы, музыканты
У нас мелі зорны час.
Што ў маскоўскіх камяніцах
Цуды нашае рукі.
Што за волю лезьлі біцца
Часта нашы мужыкі.
Што забілі нам Купалу,
Што касьцямі шлях услан
К Беламорскаму каналу,
І ў Нарыльск. І ў Магадан.
Што адвучвалі ад працы,
Што разбэшчвалі народ.
Пад дурных маскіравацца
Прымушалі нас штогод.
Што “Мужыцкай праўды” слова
Актуальна і цяпер.
Што заплёваную мову
Не пускаюць на папер.
Што нам памяць адбівалі.
Сын на бацьку – упярод!
Што манкуртамі мы сталі –
Не калгас, а ўвесь народ.
Што ў “яжовых” рукавіцах
Матак мацалі пры нас,
Потым вешалі на сьпіцах –
Быў такі прыгонны час.
Што жуем мы хлеб ды сала,
Што не спухлі бяз яды –
Селянін у нас удалы
Як вярблюд той без вады.
Што раку гаўном зглумілі,
Што ні горад, то смурод.
Што Чарнобылем накрылі,
Не раён, а ўвесь народ.
Што ў дурдоме без пуцёўкі
Кожны мог адпачываць.
Чужакоў блатных і лоўкіх
Слалі намі кіраваць.
Што па ўсё па Беларусі
На пасадах і дамах
Вырай сеў, нібыта гусі
І не згоніш трах-бабах!
Што – дзе цэркаўка, касьцёлік
Парабілі МТС.
Да адзінкі ставяць нолік –
Называецца прагрэс.
Што пустыню на Палесьсі
Загадалі нам зрабіць.
Што жаўрук у паднябесьсі
Не пяе, а просіць піць.
Што дзікунскія абрады
Дырэктывай людзям шлюць.
Што галоснасьці мы рады,
Галасіць усім даюць.
Што пара людзямі звацца,
Каб далей не адставаць,
Што за розум трэба ўзяцца .
Трэба перабудаваць…
——————————————-
Я ўсё слухаў, я пасіўны.
Я былых эпох прадукт,
Сам з сабою агрэсіўны,
А на людзях – пшык-патух.
Спор-дыскусію хацелі
Пра метро яны ўсчаць,
Думаў я, каб іх не зьелі.
Трэба, мусіць, памагаць!
Я абьяву найшрайболіў –
Тэкст сьпісаў з “ВМ” газэты
Ды на плот прымастаколіў.
А мне ў рэбры пісталетам!
Рукі ўверх, заткнулі рот,
Павялі далей за плот.
Чую зноўку будзе гуз!
Вунь і шыльду бачу: МУС.
“Што разьвешваў – кажуць -контра,
Недабіты ты нацыст”.
А другі палкоўнік мондры
Кажа: “Ён яшчэ і пацыфіст!”.
Я кажу: “Чытай абьяву,
Што гаркам газэце даў.
Я яе, гэту праяву,
Слоўца ў слоўца перадаў”.
Бачу, ведаюць, рагочуць,
Дурня строяць на вачах.
А чаго канкрэтна хочуць?
Наганяюць толькі страх. Ах!
Штраф -бабах! Ідзі да дамоў,
Каб бяз лёзунгаў і слоў!
Зноў!
Зноў заробку палавіну
Жонцы я не аддаю…
А каб вас у дамавіну!
Татку-матку вашую!
———————————————
Зноў іду да “Талакі”.
Там навін, як блох у сукі!
Камсамолу незрукі –
Дык прагнаў іх зноў на мукі,
На бадзяньні па дварэ…
——————————–
Хто арэ, а хто жарэ…
Нехта ізноў пушчае хмары.
Нехта цуглямі ўшчаміў.
І пра Сталіна зноў мараць,
Каб скарэй бандыт ажыў…
Ох трывожна, зноў трывожна.
Гандляры даюць байкот –
Хай гніе, купіць няможна,
На цвічок чапляй банкнот.
Так, магчыма, правіянт
Дасьць чылійскі варыянт!
Зьверху хтосьці бласляўляе:
Трэба крызыс, трэба гнеў.
Перастройка? Вам якая!
А ну, кыш, назад у хлеў!
—————————————————
З цяжкай думкай мкну да дому,
А насустрач санаваты:
“Табе позвачка, сьляпому!
Пойдзеш, гніда, у салдаты!”
“Як? За што? Дык не вайна!.
У газэтах – раззбраеньне…”
“Для тебя путя одна…
Воспітаюць, без сомненьня!”
“Белы маю я білет,
Саракоўка за плячамі…”
Ваенком сказаў: “Прывет!
Утром будь как все с вешчамі!”
Папсавалі мне настрой.
Я да доктара, браточкі:
“Палічы, харошы мой,
Мне хваробы, як цьвяточкі:
Тут абсцэс, радыкуліт,
Язва, нырак палавіна,
Печань, сэрца і гастрыт –
Кандыдат для дамавіны.
А яшчэ я тут няўрокам
Акрывеў вось правым вокам.
Дзесяць год, чаму не знаю,
А кульгаю і кульгаю.
У атаку пабягу –
Справа стрэльнуць не змагу.
Зьлева – у руку параліч…”
Доктар піша мне даведку
Па латыні… цёмны лес!
Ставіць нейкую паметку.
І кірую ў сабес.
Каб здаровы вы былі,
Ёсьць жа праўда на зямлі –
Інваліднасьць мне далі!
Сунуў кніжку ваенкому,
А ён змрочны ўвесь сядзіць,
Быццам мордай аб салому,
Так губамі шамаціць:
“Дуй атсюдава, калека.
Нагарыць мне, нагарыць.
Клятву даў, што чалавекам
Буду я цябе рабіць…”
————————————————–
Зноў іду да “Талакі”,
А яна ўся ў мундзірах!
Значыць быў загад такі
Тых высокіх, змрочна-хмурых.
Але, усіх не заграблі:
У “Талацэ” былі і бабы
І старыя гарбылі,
І як я, здароўем слабы.
Хтосьці вылаяўся матам:
“Сесьці б дзе, пагаварыць”.
“ А пайшлі ка м не дахаты,
Чаем можам замачыць…”
Ну, прыйшлі. Частую чаем.
Сэрца чуе і баліць.
Аж у сенцы выклікаюць –
Міліцэйскі ўзвод стаіць!
“Што за мітынг, што за сход?
Пачаму ў цябе народ?”
“Пьем, хто чаю, малака…”
“Мітынг гэта ! “Талака”!
Шагам шморг, за сьпіну рукі!
Разьбяромся на судзе,
Мо хто возьме на парукі”.
А суседзяў! А людзей!
Нас вядуць, як арыштантаў,
Як крамолу пры цары.
Служкі хоць без аксельбантаў
Падабенства, чорт бяры!
Следчых куча, пракурораў –
Дык за што вас замялі?
Крымінальны знаем нораў.
“А мы толькі чай пілі!”
Лысы шэф гукае зьнізу:
“Я з вас выцісну тут соль,
А ну, ўсіх на экспертызу –
Трыпер, СНІД і алькаголь”.
Нас круцілі і сьвяцілі,
Бралі пробы на хваробы.
Не знайшлі і адпусьцілі,
Бо ідэйныя вантробы.
————————————-
Ім гарэлка толькі сьніцца,
Мы для іх – што быдла, зэкі.
Ім бы з бабай і напіцца.
Пахмяліцца, зноў на лекі.
А ў нас чаго напьесься?
Як з зарорбку смальнуць штраф.
Вунь, з-пад крану, дык зальесься.
Толькі гонар, быццам граф,
Толькі думкі, толькі мова,
Толькі вочы, каб глядзець,
Толькі розум, толькі слова.
Ну, бо ім таго не мець!
Супраць кучкі ставяць войска,
Школяць цэлы апарат.
Угаворваюць па-свойску.
Што дурны я пень і гад.
Я ж ніхто, жыву пад зьдзекам
А хачу быць чалавекам!
Пра аўтара:
Ня быў
Не служыў
Не выязджаў
Ня маю
Не выбіраўся
Не ўзнагароджваўся
Не судзіўся
Не ўдзельнічаў
Не падвяргаўся
Нідзе
Ні з кім
Ніяк
Нікога
Няма
Прашу ўсё гэта ўлічыць
(Тэкст са зборніка “Вандэя навыварат”. Беларуская ананімная літаратура канца 20-га стагоддзя. Менск-Вільня, 1989. Бібліятэчка студэнцкае думкі)
Гэта беларускі Самвыдат.