Сёлета сусьветны Дзень роднай мовы адзначаўся Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА) 1 сакавіка 2026 ў Нью-Ёрку на 401 Атлантык Авэню. У грамадзкай залі сабраліся беларусы з Нью-Ёрку і ваколіцаў.
Галоўная управа БАЗА і Нью-Ёрскі аддзел БАЗА падрыхтавалі нетрадыцыйную праграму, якая прадугледжвала актыўны ўдзел у імпрэзе ўсіх прыстных – дарослых і дзяцей.
Алена Жывіца склала адмысловы сцэнар, які спачатку агучылі яна сама і Сяргей Кудзеліч. А потым яны далучылі прысутных да актыўнай спалупрацы, падрыхтавалі віктарыны, конкурсы, загадкі, супольныя сьпевы папулярных песьняў. Далей вядоўцы прапанавалі ўсім жадаючым прачытаць свае любімыя вершы беларускіх літаратараў. І жадаючых аказалася нямала. Не будучы падрыхтаванымі зараней, яны цудоўна па памяці дэклямавалі тыя творы, якія запалі ім у сэрца і не забыліся нават на чужыне. А Віталь Зайка нават прачытаў свой уласны верш пад назваю “Народ”.
Імпрэза пакінула прыемнае ўражаньне і нават зьдзіўленьне. Прысутныя аказаліся вельмі добра абазнанымі ў веданьні роднай мовы. У залі знаходзіліся пераважна прадстаўнікі новага пакаленьня эміграцыі, якое ў Беларусі вырасла пры Лукашэнку. Палітыка дыктатара скіравана на вынішчэньне беларускай мовы, культуры, нацыянальнай сьвядомасьці. Беларуская мова радыкальна абмежавана вывучаецца ў школе і ВНУ. Аднак, як выглядае, яна прарастае нават праз забарону, праз перасьлед і тэрор. Цяпер беларуская мова жыве і разьвіваецца пераважна на чужыне. У эміграцыі беларусы адчуваюць настальгію па родным і актыўна прыхіляюцца да свайго, бо назіраюць, як іншыя народы ў сьвеце захоўваюць свваю індэнтычнасьць. Тое, што робіцца ў замежжы дзеля захаваньня і разьвіцьця беларускай мовы і культуры, будзе надзейным падмуркам для іх хутчэйшага аднаўленьня ў пасьлядыктатарскі час, які, спадзяемся, неўзабаве надыдзе.
Ганна Сурмач
